Мястэчка Круглае, можа, і сапраўды было круглым. Адсюль і назва. А тое, што яно гладкае, факт. З аднаго боку кароценькая вулачка (цяпер Першамайская) крута збягала з узвышша, на якім ляжала мястэчка, і ўпіралася ў самую Друць. Не было на гэтай вулачцы ні дашчанага тратуара, ні маставой. І калі ішоў дождж, раўчукі лёгка прабівалі сабе канаўкі ў жоўтым пясчаным грунце, з вясёлым бульканнем збягалі ўніз і ўліваліся ў рэчку.
Калі ісці па гэтай вулачцы ўніз, па правы бок была сядзіба майго прадзеда. На ўзгорку стаяла хатка, тая самая, што дзед пабудаваў замест вялікай хаты, якую двойчы палілі яшчэ да майго нараджэння. (На гэтым месцы цяпер стаіць універмаг.) Мая памяць захавала хатку ў адзін пакой з сенцамі. Яна таксама пазірала вокнамі на захад, там, за рэчкай, садзілася сонца.
Памятаю высокую пуню, поўную духмянага сена аж да страхі, і вялікі яблыневы сад. Ён раскінуўся на самым высокім месцы сядзібы, у правым куце яго быў пограб, туды ссыпалі на зіму бульбу ды іншую гародніну, хавалі бочкі з засоленымі гуркамі і капустай. Побач з пограбам стаяў турнік, на якім гушкаўся, наліваў свае мышцы сілай мой стрыечны дзядзька Яўген, яшчэ школьнік. Гэта быў патайны куточак майго дзядзькі. Яўген хаваўся за пограбам, калі яго шукала цётка Насця, яго маці, каб адлупцаваць за якую-небудзь шкоду, ці калі адлыньваў ад працы, бо любіў маляваць і чытаць кнігі. Яўген прасіў мяне не выдаваць яго хованкі, і я не выдавала.
Сядзіба была вялікая. Перад самай хаткай зелянеў лужок, парослы мяккай гусінай траўкай, а за ім, бліжэй да рэчкі, стаяла яшчэ адна хата, вялікая, у ёй жыў Яўген са сваімі бацькамі, братам і сёстрамі. Раней побач з ёй стаяла трэцяя хата, у якой жылі браты прадзеда Васіль і Мікола. Чацвёртая хата – брата Восіпа – стаяла ў садзе. Усіх умяшчала сядзіба: і братоў, і сясцёр майго прадзеда, і яго сыноў, дачок. Жылі адным табарам.
(300 слоў)
Паводле А. Кобец-Філімонавай
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Хутарская сядзіба
Пераказы, дыктанты → Шляхецкае гняздо
Пераказы, дыктанты → Колішняя сядзіба