Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сымон Будны і Васіль Цяпінскі

   Сымон Будны – наступнік Скарыны ў справе друкавання кніг і пашырэння асветы сярод народа, выдатны дзеяч беларускай Рэфармацыі, таленавіты пісьменнік, педагог і філосаф, багаслоў і прапаведнік. Імя Сымона Буднага ў шаснаццатым стагоддзі было шырока вядома ў краінах Заходняй Еўропы. Гэта быў адукаваны чалавек. Апрача роднай беларускай мовы, ён выдатна валодаў іўрытам, лацінскай, грэчаскай, стараславянскай, польскай і італьянскай мовамі.
   Гэта дазваляла яму паглыбіць свае веды ў антычных культурах, аналізаваць дасягненні Сярэдневякоўя, без цяжкасцей знаёміцца з творамі заходнееўрапейскіх філосафаў і пісьменнікаў таго часу. На працягу амаль трыццацігадовай творчай дзейнасці з-пад пяра славутага асветніка выйшаў шэраг кніг, сярод якіх былі пераклады Бібліі.
   Вялікую папулярнасць сярод жыхароў Беларусі мелі творы Сымона Буднага, у якіх наш асветнік выступаў за вызваленне чалавечага духу, за свабодную стваральную працу. Ён заклікаў усіх грамадзян паважаць дзяржаўныя законы, шанаваць бацькоўскую зямлю і матчыну мову, сумленна выконваць свае абавязкі.
   Адначасова з Сымонам Будным працаваў у сваёй друкарні, заснаванай у фальварку Цяпіна на Віцебшчыне, яшчэ адзін змагар за народную асвету, яго аднадумец – Васіль Цяпінскі. Галоўная яго заслуга перад гісторыяй і беларускім народам заключаецца ў тым, што ён у поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на роднай мове. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён пераклаў і выдаў кнігі Новага Запавету.
   Не ўсё задуманае ўдалося здзейсніць Васілю Цяпінскаму. Але яго высакародныя намеры, грандыёзная праграма асветы простага народа ўражваюць, выклікаюць пачуцці павагі і гонару за нашага самаахвярнага прашчура, які глядзеў на некалькі стагоддзяў наперад, усвядоміўшы ролю роднай мовы ў яднанні суайчыннікаў і росквіце нацыі.
(245 слоў)

Паводле І. Саверчанкі, З. Санько

 

Похожие статьи:

СачыненніСымон Будны і Васіль Цяпінскі – прадаўжальнікі традыцый Францыска Скарыны

ІншаеСымон Будны

Алесь СалавейАлесь Салавей - Гуманізм