Пераскочыўшы каменне, стрымгалоў у садок збегла сцежка. Разарвалася зігзагам пад сівымі, яшчэ не ацяжэлымі ад свайго прыплоду яблынямі. Густы ліповы пах нават прыпыніў Алесю: у Сымонавым садку зморана пагойдвала жоўтым ад шчодрага цвету галлём, не могучы ацерабіцца ад пчол, высокая старая ліпа.
Ужо каля рэчкі гэты густы мядовы пах ліпы перабіў распараны ў ружаватых чачотках гаркавата-млосны валяр’ян. Хмялеючы ад яго, Алеся перайшла кладку.
Чуючы босымі нагамі калючы жвірок, пайшла цвёрдаю сцежкаю каля жыта. Аб твар, аб рукі казыталіся вусатыя, ужо трошкі звіслыя ад налітага зерня каласы. На падсохлай траве, на шурпатых сіва-ліловых вусах зіхацела чырванню, трымалася, мусіць, на дождж раса.
Ад жыта, што пры беразе зарасло злінялаю валошкаю, пахла прэснаю травою.
Пры сцежцы ў рэдзенькай траве хаваліся марныя ліловыя буслікі, і шчымлівая радасць апякала Алесіну памяць – успомнілася нешта далёкае, светла-дзіцячае, як хадзіла за каровамі па калюча шапаткім іржышчы, збіраючы ў букецік гэтыя буслікі.
Паводле В. Адамчыка