Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сустрэча
Я быў госцем у адной палескай школе. Пасля творчай сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі мы сядзелі за бяседным сталом у дырэктара. Размова зайшла аб высакароднасці і самаахвярнасці людзей. Мне расказалі, што ў іх сельсавеце, у адной вёсцы, працуе настаўніца, якая ўсынавіла дваіх чужых дзяцей: бацька іх кінуў, а маці памерла. Можа, і не надаў бы я асаблівага значэння гэтаму расказу (бо фактаў такіх многа, аб іх можна пачуць і прачытаць амаль кожны дзень), каб не адчуў, што прысутныя ставяцца да яго па-рознаму. Калі мужчыны ўсе, без выключэння, гаварылі пра гэту жанчыну са шчырай ухвалой, з захапленнем, то дзве з чатырох прысутных настаўніц выяўлялі нейкі незразумелы скептыцызм. Рабілі яны гэта па-жаночаму, не выказваючыся проста, а так – рэплікамі, пераглядваннем, усмешкамі. Гэта мяне заінтрыгавала. Я вырашыў абавязкова пабачыць настаўніцу, якая ўсынавіла дзяцей.
Вёсачка з’явілася перада мной нечакана. I першая мая думка была: той, хто першы пасяліўся тут, напэўна, меў паэтычную натуру. З трох бакоў да вёскі падступаў лес. Ды які лес! Адны бярозы (я нават здзівіўся, як ён уцалеў, такі беразняк). Ад белізны ствалоў і золата крон на ўсё поле лілося сапраўды ж казачнае святло.
Уздоўж хат – дзве роўныя шарэнгі маладых бяроз. I толькі школа (я адразу ўбачыў яе і беспамылкова пазнаў) стаяла ўбаку, за гародамі, бліжэй да лесу. I – дзіўна! – школьную сядзібу абкружалі не бярозы, а тонкія таполі, большасць – таксама маладыя, але каля самага будынка ўзнімаліся вышэй лесу даволі ўжо старыя, сухаверхія.
Напрасцяк, цераз поле, я пайшоў да школы і яшчэ здалёк пачуў голас настаўніцы і хор дзяцей. Ішоў урок. Каб не перашкодзіць, я непрыкметна сеў на лаўку пад старой таполяй, якая тут жа абсыпала мяне лісцем. Агледзеўся. Школьны будынак хоць і быў пасляваеннай пабудовы, але вельмі ж нагадваў той, які так дэталёва апісаны Якубам Коласам: класны пакой, калідор пасярод і ў другой палавіне – кватэра настаўніцы. Вокны гэтай кватэры ўтульна засланялі прыгожыя гардзіны.
Але дарэмна я хаваўся. На мяне звярнулі ўвагу, відаць, яшчэ тады, калі я ішоў цераз поле. У гэтым кутку не многа людзей ходзіць у капелюшах. Я не паспеў як мае быць «вывучыць абстаноўку », як рыпнулі дзверы і на ганачку з’явілася жанчына маіх год (хоць у першую хвіліну яна здалася старэйшай) з грубаватымі, як у мужчыны, рысамі твару.
Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат – брата. Наўрад ці бывае так у жыцці. Я адразу пазнаў гэту жанчыну, хоць мы не бачыліся роўна чвэрць стагоддзя. Мы бачыліся тады, калі нам было па пятнаццаць-шаснаццаць год.
– Надзя! – вырвалася ў мяне.
Яна пазнавала мяне крыху даўжэй. Я паспеў убачыць, як да шыб прыліплі пятакі дзіцячых насоў, і падумаў: «Зараз яны выціснуць шыбу».
Нарэшце яна сказала:
– Бог мой! Які госць!
Саскочыла з ганка і пайшла насустрач. Счапіўшы рукі ў моцным поціску, мы глядзелі адно аднаму ў твар і ўсміхаліся, радасна і збянтэжана.
(456 слоў)
Паводле І. Шамякіна.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Непаўторная вясна
Іван Шамякін → Сэрца на далоні. Адказы на пытанні
Іван Шамякін → Адказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"