Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сустрэча ў аўтобусе
Мы, людзі, часцей за ўсё бачым спачатку толькі сябе і толькі сваё. Вядома, баліць больш за ўсё свая бяда. Калі нам весела, радасна, хораша, тады здаецца, што і ўсім гэтак жа весела і хораша. Тады мы забываем, што ў гэты час камусьці можа быць дужа кепска. А ўжо калі прыцісне бяда нас саміх, калі зваліцца на нас несуцешнае гора, мы ходзім тады ўчарнелыя і не можам нават уявіць, што ёсць на зямлі зараз людзі, якім хораша і весела, і кожную ўсмешку ці, горш таго, бесклапотны, здаровы рогат зацята ўспрымаем як асабістую крыўду: маўляў, хіба ў гэты цяжкі час нехта можа яшчэ смяяцца?
Алег успомніў, як аднойчы – летась ці пазалетась? – ён з сябрамі вяртаўся з лесу. Быў май, была цёплая сонечная вясна, і яны рашылі ў суботу выехаць на прыроду. На паляне расклалі агонь, смажылі шашлыкі, сала на ражончыках, смяяліся, спявалі, дзяцініліся, босыя бегалі навыперадкі.
У лесе было хораша. Чыстае паветра, ад якога аж кружылася галава, пах маладой травы, якая зазеляніла ўсю паляну, дзе яны атабарыліся, ледзь улоўны водар новых, зялёных галінак, угрэтая сонцам зямля, яе дух, які біў у нос сваёй першароднасцю, вясёлыя сябры, адчуванне бязмежнай волі і бесклапотнасці – усё гэта зрабіла іх самымі шчаслівымі людзьмі на зямлі. Гэты ж настрой унеслі яны з сабою і ў апошні, ужо амаль парожні – у ім сядзела толькі адна дзяўчына, – аўтобус, якім увечары вярталіся дадому. Яны, як і ў лесе, спявалі, галёкалі, да ікаўкі смяяліся з трапных жартаў. I толькі дзяўчына моўчкі глядзела ў акно – нібы не заўважала іх. Яны падсмейваліся з яе, настырныя жартаўнікі назначалі ёй нават спатканне, гаварылі ўсялякае глупства, а дзяўчына быццам і не чула іх: глядзела ў акно і маўчала. Калі ж хлопцы яшчэ больш пачалі назаляць ёй сваімі заляцаннямі, яна расплакалася і праз слёзы расказала Алегу, які сядзеў побач з ёю, – але так, каб чулі і іншыя, – што яна едзе з Бараўлян, з анкалагічнага дыспансера, куды ёй трэба класціся на аперацыю.
Гэта ўразіла Алега, ён нібы адчуў халодны дотык нечага страшнага, няўмольнага, як лёс, і яму стала брыдка за іхняе куражанне, за легкадумныя словы і заляцанні. Прыціхлі і хлопцы: яны зразумелі, што дзяўчына была ўжо ў нейкім іншым вымярэнні, што яна глядзела на іхняе балаўство менавіта з таго пункту гледжання, які з’яўляецца толькі ў час зразуметай небяспекі.
Зараз яны няўмела спрабавалі суцяшаць дзяўчыну – ды кіньце вы, усё абыдзецца, усё будзе добра, – але адчувалі, што іхнія словы перасядаюць у роце, нібы ў бязважкасці, павісаюць у паветры і не даходзяць не толькі да хворай, але і да іх саміх.
I вось тады Алег адчуў – нібыта сам увачавідкі ўсё гэта ўбачыў, – што шчасце і гора, радасць і бяда заўсёды ўжываюцца побач. Яму нават падумалася, што яны, нібы дружныя, хоць і нялюбыя адна адной сёстры, ходзяць па жыцці разам, пабраўшыся за рукі, і ўсё залежыць ад таго, хто з іх першай зверне на чалавека ўвагу.
Успомніўшы той вясновы выпадак, ён падумаў, што зараз стаў больш відушчы.
(474 словы)
Паводле Я. Сіпакова.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка