Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сустрэча з зубрам

   Зубр стаяў пад старымі елкамі, камлі якіх абраслі сівым мохам. У гэтым кутку пушчы ўсё першабытна замшэлае: елкі мелі такі выгляд, быццам прастаялі тысячу гадоў; старыя пні аплецены мохам, а пад імі ўсё струхнела. Рэдкія вываратні нагадваюць дагістарычных жывёлін. Таму, магчыма, уладар пушчы здаўся Антанюку яшчэ адным вываратнем. За дзень блукання па лесе напаткаў іх нямала, самых дзівосных па форме. А можа таму, што глыбока задумаўся.
   Яны глядзелі адзін на аднаго, чалавек і звер. Непрыемны халадок казытнуў па спіне. А што, калі зубр кінецца? Што рабіць? Страляць? Не маеш права. Ды і зарад не на такога звера. Уцякаць? Уявіў, як ён, стары чалавек, будзе бегчы, каб схавацца. З іроніяй перанёс гэта на свае адносіны з людзьмі, падумаў: «Ніколі ты, Іване, не ўцякаў ні ад якіх зуброў. Адступаць – адступаў. Перад мацнейшымі, перад ворагам... Ды яшчэ часам абыходзіў дурняў».
   Дзень хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Успомніў: егеры расказвалі, што такія быкі, якія адбіліся ад статку, вядуць сябе шалёна, кідаюцца нечакана.
   Зубр вачэй не зводзіць – сочыць. Быццам застыў. Да чаго рыхтуецца? Нападаць? Адступаць? Чалавека ўсё-такі прасцей зразумець, чым звера. Таму ад чалавека лягчэй бараніцца, калі той нападае адкрыта, а не б’е ў спіну, знянацку. Бяда, што часта ўдар наносяць тады, калі яго зусім не чакаеш.
   Іван Васільевіч падумаў, што зубры, якіх егеры кормяць, даглядаюць, прывыклі да чалавечага голасу, таму ласкава спытаў:
   – І доўга мы з табой вось так стаяць будзем?
   Зубр у адказ здрыгануўся. Недалёка, кварталы за два, нечакана заенчыў ганчак. І адразу ж пачуліся стрэлы. Тады зубр ускінуў галаву, чмыхнуў і грабянуў капытом мох.
   Антанюк сам пасля дзівіўся са свайго спрыту. Кінуўся на першае дрэва. Адтуль нырнуў пад маладзенькія прыземістыя елкі, чапляючыся за голле, абдзіраючы твар, рукі. Добры крос гэтак зрабіў.
   «Ну вось, не хваліся, што ні ад якога зубра не ўцякаў. Прыйшлося», – з невясёлай іроніяй падумаў Іван Васільевіч.
(311 слоў)

Паводле І. Шамякіна

 

Похожие статьи:

ПераказыЗубрыная сцежка

Мікола ЧарняўскіМікола Чарняўскі - Каго баіцца зубр?

ПераказыКрэпасць на мяжы

ПераказыУ Белавежскай пушчы

ПераказыГаспадар пушчы