Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Суквецце ў форме згубы

   Пра гэтую дзівосную расліну ў народзе складзена шмат паданняў і легенд. Вось адна з іх. На вячэрнім і ранішнім небе ў добрае надвор’е можна бачыць яркую бліскучую зорку. Яна ўвасабляе сабой багіню прыгажосці Венеру, якая, паводле ўяўленняў нашых продкаў, яшчэ да ўзыходу сонца спускаецца на зямлю, абуджае людзей ад сну і кліча да працы. Аднойчы Венера хадзіла ад хаты да хаты і, захапіўшыся сваім міласэрным заняткам, не заўважыла, як насунулася навальніца з грымотамі. Уцякаючы ад дажджу, багіня бегла па касагорах, ускрай балот, каля ручаёў і крынічак ды не заўважыла, як згубіла прыгожы чаравічак. Усюды па слядах, дзе яна ступала босай нагой, праз нейкі час расцвілі залаціста-жоўтыя архідэі, якія назвалі венерыным чаравічкам.
   У сямействе архідных, як сведчаць батанікі, гэты род самы старажытны. Венерын чаравічак сапраўдны – шматгадовая травяністая дэкаратыўная расліна з пругкім, прамым сцяблом вышынёй 25-50 сантыметраў. Кветкі дыяметрам да 8 сантыметраў, адзіночныя або па два-тры, з мешкападобна ўздутай накшталт чаравічка (адсюль назва) жоўтай губой з чырванаватымі плямкамі і пахам ванілі. Характэрная для ўсяго сямейства губа адыгрывае ролю своеасаблівай пасткі для насякомых. Залазячы на салодкі пах, яны закранаюць тычынкі і тым самым апыляюць расліну.
   На Беларусі расліна трапляецца ў Белавежскай пушчы, у Бярэзінскім біясферным запаведніку. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна, цыкл развіцця незвычайна доўгі: першы ліст паяўляецца праз чатыры гады, а цвіценне пачынаецца праз 15-17 гадоў. Распаўсюджванню расліны перашкаджаюць розныя адмоўныя фактары: меліярацыя, высяканне лясоў, пасьба жывёлы, вытоптванне і збор прыгожай дэкаратыўнай кветкі. Венерын чаравічак сапраўдны ў Чырвоную кнігу Беларусі занесены з 1981 года.
(247 слоў)

(В. Гардзей)

 

Похожие статьи:

Янка ЖурбаЯнка Журба - Дзяўчынка і кветкі

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гарлачык

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Пераказы, дыктантыЗязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)

Пераказы, дыктантыВенерыны чаравічкі