Спякотнае лета шчодрае на навальніцы. З асаблівым хваляваннем я чакаў у дзяцінстве рабінавыя ночы.
На ўзгорку расла высокая старая ліпа. У адну з такіх начэй лёс яе быў вызначаны: маланка раскалола магутнае дрэва на дзве часткі і запаліла, як свечку. Гэтае відовішча адбілася ў маіх вачах і засталося ў памяці назаўсёды. Вось і цяпер, калі збіраецца на навальніцу, у маім уяўленні ўспыхваюць водсветамі маланак успаміны дзяцінства.
Зараз пачатак сакавіка, пара навальніц далёка. Але было адчуванне, што ў прыродзе рыхтуецца нейкая важная падзея, роднасная навальніцы. Сцямнела нечакана, хаця стаяў толькі пасляабедзенны час. Пакой напаўняла глухая цішыня. Я перастаў працаваць і прысеў на канапу. Такі стан прыроды дорыць імгненне, якому можна загадаць спыніцца.
Раптам пранёсся разбуральны парыў ветру, зашумелі дрэвы, загрымелі сарваныя з дахаў чарапіцы. У вокны ўдарылі першыя цяжкія кроплі дажджу. За сценамі майстэрні бушавала стыхія.
Я павольна патанаў у глыбокай плыні ўспамінаў. Водбліскі даўніх маланак раз-пораз асвятлялі прастору вакол мяне.
(150 слоў)
Паводле В. Альшэўскага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Навальніца на возеры
Іван Мележ → Палеская хроніка. Подых навальніцы. Частка першая
Пераказы, дыктанты → Навальніцы
Пераказы, дыктанты → Чэрвеньская навальніца
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Красавіцкая навальніца