Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Стук сэрца

   Лямпачка цьмяна гарэла недзе ўгары, на чацвёртым ці пятым паверсе, і таму на лесвіцы стаяў прыцемак. Марына павольна пераступала з прыступкі на прыступку, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, і, калі б хто паглядзеў на яе ў гэтую хвіліну, напэўна сказаў бы, што дзяўчына да нечага прыслухоўваецца. Але ў калідоры панавала ціша, сюды ў позні час не далятаў ніводзін гук ні з вуліцы, ні з кватэр вялікага шматпавярховага дома, толькі высокія абцасы Марыніных чаравікоў ступалі па бетоне лесвіцы.
   Дзяўчына ўзышла на першую пляцоўку і, глыбока ўздыхнуўшы, прыпынілася, высокая зграбная постаць яе нібы замерла. І зноў можна было падумаць, што дзяўчына імкнецца штосьці пачуць у гэтай густой цішы, імкнецца – і не можа, бо адзінае, што чуваць зараз, -- гэта стук уласнага сэрца.
   Вядома, шмат па якіх прычынах можа стукаць дзявочае сэрца, асабліва калі ёй толькі дваццаць год. Хоць бы і па той, што ўвесь вечар давялося танцаваць з маладым сімпатычным хлопцам, у якога такое харошае, гучнае імя – Антон.
   "Хто ж ён такі, гэты Антон?" – думала Марына, узіраючыся ў акно, якое цяпер было чорнае-чорнае. Там, у акне, нібы ў люстэрку, відзён быў яе твар. Марына бачыла свой высокі адкрыты лоб, крыху задзірысты нос, дзве ямачкі на шчоках, але ўяўленне малявала іншы твар – ягоны, Антонаў. І ёй пачынала здавацца, што з аконнай шыбы на яе пазіраюць і нават трошачкі ўсміхаюцца цёмныя Антонавы вочы, тыя самыя, што ўвесь вечар сачылі за ёю з-пад броваў, якія амаль сышліся ля пераносся.
   Малады чалавек вылучаўся сярод усіх, хто быў у гэты вечар на танцах: на ім быў добра пашыты светла-карычневы гарнітур, у той час як большасць з тых, каго ведала яна, насілі чорныя кіцелі або гімнасцёркі – звычайную форму чыгуначнікаў. Танцаваў малады чалавек вельмі хораша, Марыне было прыемна з ім, і таму, калі ён запрасіў яе на новы танец, яна без вагання дала згоду.
(294 словы)

Паводле Я. Васілёнка