Быў светлы дзень арэхавага Спаса. Жоўценькія арэхі ўжо ледзьве трымаліся на галінках, гатовыя ў любое імгненне выслізнуць са сваіх утульных гнёздаў. І варта гайдануць ляшчыну туды-сюды, як самыя спелыя арэхі ляцяць на зямлю. Бяры, ласуйся смачнымі зярнятамі.
Вось Пецька з Янкам і выбраліся апоўдні ў густы арэшнік, што разросся за вёскай. Спыніліся каля высокага куста і пачалі мышкаваць пад ім, разграбаючы сухое лісце. Потым трэслі гонкія ляшчыны, радаваліся кожнай сваёй удачы.
Шукалі, мышкавалі, і раптам Янкавы пальцы шкрабанулі па чымсьці цвёрдым. Разгарнуў ён струхлелае лісце і аж зніякавеў. Хіба ж бывае камень з такой рабрыстай паверхняй? Ды вунь яшчэ нейкі куртаты хвост. Здагадка апякла нябачным полымем.
– Пеця, глянь, што я знайшоў, – амаль шэптам вымавіў Янка.
– Спарыш? – Пеця не выказаў асаблівай цікавасці да Янкавай узрушанасці.
– Давай хутчэй сюды! – не сказаў, а выкрыкнуў Янка.
Сябрукоў голас прымусіў Пецю схамянуцца. Падышоўшы бліжэй, хлопчык убачыў яйкападобны рабрысты прадмет. Гэта была граната.
(147 слоў)
Паводле М. Зарэмбы
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Нечаканая знаходка
Пераказы, дыктанты → Пярсцёнак