Аднойчы я правініўся перад мамай. Меўся грэх. Наш агарод упіраўся ў школьны парканчык, і, калі неяк узімку яна папрасіла мяне паднесці стосік сшыткаў, я рушыў напрамкі. А разгулялася завіруха, шалеў вецер, ён шпурляў у мой твар, здавалася, жменямі пякучую крупку. І тут здарылася непапраўнае: калі я быў ужо каля хлява, вецер усё ж выхапіў з маіх рук стосік сшыткаў і пачаў апантана гартаць іх, я кінуўся падбіраць сшыткі, але дзе там!.. Каляровыя прамаканкі разляталіся асобна, нібы феерверк у гонар маёй бездапаможнасці.
З апушчанай галавой я сядзеў на табурэце перад мамай, шмыгаў носам, а яна плакала: нёс я сшыткі з сачыненнем па роднай мове ў шостым – чамусьці запомнілася мне надоўга гэта – класе. Перапісвалі сачыненне вучні ці не, не магу сказаць, не ведаю, але я тады цвёрда вырашыў стаць настаўнікам і насіць стосікі сшыткаў так, каб іх болей ніколі не вырваў вецер з маіх рук.
Я скажу пра гэтую мару маці, але значна пазней...
Калі я ўспамінаю сваю хату, то бачу швейную машынку «Зінгер», на якой мама шыла сукенкі і спадніцы вясковым кабетам. Ухітралася ж неяк паміж урокамі, складаннем планаў і праверкай сшыткаў і хатняй гаспадаркай рабіць і гэта.
Бачу я і прыгожую вышыванку, што вісела на сцяне ў мамінай спальні. Да вышыванкі былі прымацаваны інстытуцкі «ромбік» і значок «Выдатнік народнай асветы». Яна была добрай настаўніцай, для многіх вучняў любімай.
(220 слоў)
(В. Ткачоў)
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → На скрыжаванні
Пераказы, дыктанты → Да маці
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці
Пераказы, дыктанты → І надыходзіць дзень
Пераказы, дыктанты → Сустрэча з маці