Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Стары лес

Варыянт 1 (250 слоў)
   Гэта быў старасвецкі лес, у ім былі такія пушчы і нетры, аб якіх не ведаў ніхто на свеце. Поўны месячык раз у чатыры квадры ўсплываў на сярэдзіну неба і адтуль рыхтаваўся пацікавіцца, што дзеецца пад паветкаю густога лісця. Але яму лягчэй было б разгледзець, што робіцца пад страхою ў хаце чалавека, чым прабіцца праз галіны адвечных гушчароў. Сумаваў тады круглявы блішчасты месячык, хаваў свой твар у светлых хмарках. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала залатыя косы і даставала толькі да палавіны. На самым нізе панавалі цянёк і прахалода. Звяры і птушкі не мелі адвагі забірацца ў нетры лесу. Там жыла адна тая таямнічасць, што запаўняла гэтыя нетры страхам і нікому не вядомымі падзеямі.
   Праз гушчары, пад павеццю зялёнага галля, прабівалася бліскучая стужка халоднай вады і дзяліла пушчу на дзве часткі. Абодва берагі рэчкі былі густа зарослыя старымі дрэвамі. Яны прасціралі сваё галлё над рэчкаю і перапляталіся паміж сабой. І лес па адзін бок рэчкі, і лес па другі яе бок быў адным лесам, і тое, што рабілася на адным беразе рэчкі, было таксама справаю другога берага. Адным словам, у лесе быў адзін супольны клопат, адно жыццё.
   Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і заканчвалася. Канчалася яна пышным і прыгожым возерам. Вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дубы. У гэтым ланцугу вельмі важных з’яў, у гэтай пушчы рэчка займала не апошняе месца, хоць справядлівасць вымагае сказаць, што яна і не думала займаць такога месца.
   Доўгія-доўгія гады, цэлыя вякі жыла пушча згодна і шчасліва, жыла поўным, багатым жыццём.
 


 

Варыянт 2 (151 слова)

   Гэта быў старасвецкі лес. І былі ў ім такія пушчы і нетры, аб якіх не ведаў ніхто на свеце. Поўны месячык выплываў на сярэдзіну неба і адтуль рыхтаваўся пацікавіцца, што дзеецца пад паветкаю густога вецця. Але яму лягчэй было б разгледзець, што робіцца пад страхою ў хаце чалавека, а прабіцца праз галіны адвечных гушчароў было цяжка. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала залатыя косы, якія пранікалі толькі да палавіны. А на самым нізе лесу заўсёды панаваў цянёк. Праз гушчар пад павеццю зялёных галін прабівалася бліскучая стужка халоднай вады, якая дзяліла пушчу на дзве часткі. Абодва берагі рэчкі былі густа зарослыя старымі дрэвамі, якія працягвалі сваё галлё над рэчкаю і злучаліся адно з адным. Тое, што рабілася на адным беразе рэчкі, было таксама справаю лесу другога берага. Рэчка пачыналася ў лесе і заканчвалася прыгожым возерам, вакол якога стаялі мудрыя дубы.
   Цэлыя вякі жыла пушча і радавалася, што навокал згода і супольнае багатае жыццё.

 


 

Варыянт 3 (108 слоў)

   Лес шумеў неяк вельмі нудна. Лес рэдка калі маўчыць. Прывычнае вуха лавіла ў ім галасы, але ніхто яшчэ не ўнікнуў у тайну яго мовы; толькі сэрца смутна адгадвае ў ім нуду і трывогу.
   Касматыя яловыя вяршыні трасліся, як у шалёным танцы. Лапы то падымаліся, то апускаліся, як бы лавілі нявіднага ворага, які не даваў спакою і прымушаў трасціся лес. Старыя елкі глядзеліся ў неба і думалі нейкую думу.
   Лес шумеў. Смутна шумеў стары лес.
   З краю лесу стаяла хатка лесніка Васіля Чурылы. Маленькае акенца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым акенцам звісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна як стагнала.


Паводле Я. Коласа

 


 

Варыянт 4 (79 слоў)

   А лес быў стары і глухі. Па адзін бок дарогі стаялі высокія елкі. Яны былі цёмныя і панурыя. Ад іх у мяне было неспакойна на сэрцы. Паміж зялёных галін доўгімі кудламі звісалі пасмы сівога моху. Яны нагадвалі бараду старога Цімоха. Дзед заўсёды мяне ўражваў сваёю барадою. Ён быў падобны на лесуна. Лесуном заўсёды страшылі дзяцей. Ці не лясун выглядае там з-за елкі? Гэта ўсё глупства. Ніякага лесуна не бывае. Я адвёў вочы ад елак і пакрочыў далей.

Паводле Я. Коласа

 

Похожие статьи:

ПераказыУ лесе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Сон у лесе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Стары лес

Максім ГарэцкіМаксім Гарэцкі - У панскім лесе