Ашмяны маюць герб, які складаецца з трох частак. Ён як бы загадкавы, неразгаданы. Але гісторыя горада разблытвае гэту таямніцу.
На блакітным полі намаляваны залаты шчыт. Ім абараняліся ашмянцы ў баях з атрадамі Яраслава Мудрага, з крыжакамі.
Шчыт-абаронца патрэбен быў і ў барацьбе з напалеонаўскімі войскамі, і ў гады Першай, Другой сусветных войнаў.
На чырвоным полі намалявана рука, якая трымае залатыя вагі. Гэта яўны сімвал таго, што ашмянцы са старажытнасці займаліся гандлярствам, умела праводзілі ў мястэчку кірмашы.
На сярэбраным полі размясціўся чырвоны бык-цялец. А гэта знак людзей мужных, цярплівых, таленавітых. Такія і ёсць ашмянцы вось ужо сем стагоддзяў.
Сённяшнія Ашмяны і ўвесь раён перажываюць сваю новую маладосць. Сапраўдным багаццем гэтага краю з’яўляюцца трыста шэсцьдзясят чатыры вёскі, дваццаць рэк, лясы, сенажаці, пашы. На пяцідзесяці тысячах гектараў ворнай зямлі хлебаробы збіраюць высокія ўраджаі. Паспяхова развіваецца прамысловасць раёна. У школах рыхтуецца новая змена для дарослых.
(143 словы)
Паводле У. Ліпскага