Даўно-даўно ішоў дождж. Неба чыстае, як шкло. Сонца ўвесь дзень пячэ неміласэрна. Глянем на поле, на луг, на лес. Туман, смуга сіняватага колеру вісіць над усім. Увесь божы свет як бы заслаўся нейкім дымам. Збожжа без пары жоўкне ў полі. Каласы на ніве пасохлі і нудна калышуцца па ветры. Грэчка апусціла лісце, як апараная гарачай вадою. Усё павяла, папрышчылася на сонцы. Вада ў рэках абмялела. Кепска цяпер і расліне, і жывёле, і рыбцы. Нудна пазірае чалавек на гарачае неба, ці не відаць дзе хмурынкі, ці не нагоніць часам вецер дажджлівых хмар. Але неба застаецца чыстым, гладкім, гарачым і непрыступным для просьбы чалавека і прыроды. Аратай без надзеі пазірае на поле, дзе гібее яго праца. Толькі слупы чорнага і сівога дыму відаць то там, то сям над лесам, ды неба ўночы чырванее ад далёкіх пажараў.
(135 слоў)
Паводле Я. Коласа