Сяброўка, якая жыла ў Варшаве, расказала Анжэле пра некаторыя спосабы знаёмства польскай моладзі. Напрыклад, адна дзяўчына ў супермаркеце выявіла ля касы, што нехта падкінуў ёй у карзіну шакаладку. Спачатку падумала, што памылкова, але пасля на абгортцы заўважыла надпіс: «Хачу з табой пазнаёміцца». Там быў і нумар тэлефона.
А яшчэ на вуліцы, дзе бавіць час моладзь, адна дзяўчына ўбачыла сімпатычнага хлопца. Хацела зазірнуць яму ў вочы, але ў таго нізка на лоб была нацягнута шапка. Дзяўчына хацела звярнуць на сябе ўвагу, таму падскочыла і сарвала шапку з галавы хлопца. Спачатку ён зірнуў на яе злосна, бо думаў, што нехта няўдала жартуе або хоча ўкрасці яго шапку. Дзяўчына ж засмяялася і прамовіла: «Хацела толькі пазнаёміцца. А зараз ужо ад цябе залежыць, ці здабудзеш шапку і мяне». І склала губкі банцікам. А хлопец ахвотна цмокнуў у іх.
А яшчэ быў вельмі рамантычны выпадак. Нейкі хлопец гуляў у парку і затрымаўся перад групай мексіканскіх музыкаў, якія выконвалі народныя мелодыі. Ажыўлена апладзіраваў пасля канцэрта. Раптам заўважыў, што адна дзяўчына падышла да саліста і нешта яму шапнула. Той накіраваўся да хлопца і паведаміў: «Наступная песня для цябе. Ад сеньёрыты, якая сядзіць вунь на той лаўцы». Музыкі зайгралі выдатны твор. Хлопец падышоў да той дзяўчыны, узяў яе за руку, і яны разам слухалі цудоўны канцэрт.
(210 слоў)
(Паводле А. Бутэвіча)
Похожие статьи:
Пераказы → Знаёмства