Дарога выводзіла мяне на дзялянку. Гонка і высока стаялі на ёй адзінокія сосны, цвіркалі недзе на маладых бярозках, садзіліся на зарослыя травой лаўжы разамлелыя аўсянкі. То падаючы ледзь не да зямлі, то сігаючы ўгору, праляцела чорная жаўна. Быў тут нейкі тужлівы прастор, як на старым, забытым дворышчы, і ўсё тут было, як бывае ў чалавечым жыцці.
Дайшоў я да напаўзаваленага нейкага бліндажа і нечакана для сябе ўбачыў у яго спадзінцы цэлую плойму жоўтых, як кветкі, і прысадзістых лісічак. Але я не спяшаўся іх браць: было і без таго за што тут зачапіцца воку.
Я ступіў да бліндажа, як раптам у цеглавіне нешта зашоргалася, затрапяталася, а потым ураз трывожна піснула, палахліва заценькала, забілася нейкая птушка. І як бы хто штурхнуў мяне ў грудзі – я падаўся назад, лес хіснуўся, і я чуў ужо адно толькі неба: яно кружылася, і адтуль плыў і плыў на мяне трывожны бясконцы шоргат. І вось ужо нібыта я ляжаў на зямлі. Не было ўжо ні выбуху, ні мяне, і змяркалася, і тарахцела па дарозе падвода, і галасіла ў лесе мая маці...
Было ціха ў лесе, і чуваць было, як там, у цеглавінцы, яшчэ нешта шоргалася, але гэта, мусіць, з патрывожанага дрэва падалі кроплі і выпростваліся патрывожаныя галіны. І як бы нанава глянуў я на ўзгорачак, чысты, светлы, абсыпаны шыгаллем, праз якое прасвечвала сіняватая зямля, і, можа, ад таго ўзгорачак выдаваў не то фіялетавым, не то бэзавым. І мне было ўжо ніякавата за нядаўні спалох, і ўжо недзе далёка быў успамін пра тое, як сем гадоў назад падарваўся ў гэтым лесе на міне мой аднагодак-хлопец, наш вясковец...
(260 слоў)
Паводле М. Стральцова