Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Спадчына
Я сядзеў у зале чыгуначнай станцыі, чакаючы поезда. Раптам пачуўся малады голас:
– Пакіну каля Вас свае рэчы ды пайду па білет.
– Калі ласка.
Перада мной, усміхаючыся, стаяў невысокі хлопец у вайсковай форме. Яго твар свяціўся лагоднасцю, а вочы выпраменьвалі добразычлівасць.
Ён паставіў каля маіх ног чамаданчык, зняў з пляча рэчавы мяшок, апусціў на сядзенне.
Вярнуўшыся ад білетнай касы, мой спадарожнік сеў побач і пачаў расказваць займальна-жартаўлівыя гісторыі са свайго салдацкага жыцця.
– Ты або закахаўся, або атрымаў спадчыну! – пажартаваў я.
– Як вы здагадаліся? Я на самай справе атрымаў спадчыну!
– Спадчына вялікая? – спытаў я.
– Дом! Дзед мой памёр і на мяне пакінуў завяшчанне. Ведаеце, які ў мяне дзед Андрэй быў? Чалавек! Дзевяноста гадоў пражыў. Усю вайну на трыццацьчацвёрцы!
Хлопец дастаў з чамаданчыка канверт з фатаграфіямі. Адзін здымак, пажаўцелы ад часу, ён урачыста падаў мне:
– Глядзіце! Вось мой дзед у сорак пятым.
Я беражліва ўзяў працягнуты мне стары здымак і не мог адарваць позірку ад постаці бравага танкіста.
– Пашанцавала табе, хлопча, – прамовіў я ў захапленні. – Такі гераічны продак! А як ты абышоўся са спадчынай?
Хлопец здзіўлена паціснуў плячыма:
– Адмовіўся ад спадчыны на карысць сястры.
З чамаданчыка хлопец дастаў скураны мяшочак і асцярожна павыкладваў з яго сабе на калені ордэны і медалі.
– Баявыя! Дзед іх толькі ў святочныя дні насіў. Мне пакінуў.
Налюбаваўшыся ўзнагародамі, хлопец сабраў іх.
– А ў рэчавым мяшку таксама спадчына – акардэон. Яго ніколі і нікому не аддам: гэта памяць. Як вяселле ці свята якое, усё сяло да дзеда ішло. Нікому не адмаўляў, іграў. Мяне вось навучыў.
Бліснуўшы вачыма, хлопец раптам прапанаваў:
– Хочаце, я Вам сыграю любімую песню дзеда Андрэя?
Не чакаючы маёй згоды, ён асцярожна вывернуў з рэчавага мяшка акардэон. Загучала знаёмая мелодыя песні. Яна ўскалыхнула памяць, вяртаючы ў той далёкі час, калі выпраўлялі на фронт бацькоў і каханых.
Хлопец пеў задушэўна.
– Дзякуй, сынок! – ціха сказала пажылая жанчына хлопцу, калі змоўк яго акардэон.
Што нагадала жанчыне старая франтавая песня, лёгка было здагадацца. Хацеў і я расказаць майму спадарожніку пра трагічнае і слаўнае мінулае, падзякаваць яму, але на станцыю вось-вось павінен быў прыбыць наш поезд.
(334 словы)
Паводле Я. Каршукова
Похожие статьи:
Сачыненні → Нам засталася спадчына...
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Спадчына