Сон-трава расце там, дзе дастаткова сонца. Прырода добра паклапацілася пра гэтую кветку. Укрытая пухнатым «футрам», яна не баіцца начных маразоў. З надыходам цяпла кветка раскрываецца, а ярка-жоўтыя тычынкі прывабліваюць насякомых, якія збіраюць пылок.
Сон-трава – расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу. Ірваць яе забаронена.
Атрутны сок сон-травы выклікае моцнае раздражненне скуры. Але гэта расліна вядома не толькі сваімі атрутнымі ўласцівасцямі. Калісьці даўно народныя лекары рабілі з яе адвар ад кашлю, сухотаў, выкарыстоўвалі сон-траву для лячэння хвароб скуры.
Адкуль у гэтай расліны такая цікавая назва? Легенда расказвае, што сон-травой кветку назваў невядомы паляўнічы. Аднойчы ён блукаў па лесе і ўбачыў мядзведзя. Звер выкопваў з зямлі карэньчыкі гэтай травы, з’ядаў іх і засынаў.
Існуе і іншая версія паходжання назвы. Калі ў лесе растае снег, на прагрэтых вясновым сонцам палянах з’яўляюцца пухнатыя кветкі сон-травы. Схіленыя долу, яны нібы спяць. З-за знешняга выгляду расліны людзі і далі ёй такое імя.
(145 слоў)
(Паводле П. Грынчанкі, А. Церашковай)
Похожие статьи:
Міхась Зарэцкі → Міхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Верас
Янка Журба → Янка Журба - Дзяўчынка і кветкі
Васіль Зуёнак → Васіль Зуёнак - Гарлачык
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Казкі і краскі