Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сонечны алень
Любіць стары Васіль Засім расказваць розныя байкі і гісторыі. I многа чаго цікавага ведае ён. Дзевяць з лішнім дзесяткаў гадоў пражыў дзед. Сабраў у памяці мноства розных дзівосных прыгод, у якіх пераплятаецца здаровая жыццёвая мудрасць з выдумкай і хітрынкай.
Дзед сядзеў на лаўцы каля сваёй хаты.
Якраз скончыліся заняткі, і ля школы зашумелі дзеці. Стары павярнуўся на галасы. Я таксама глянуў у той бок і ўбачыў фігуру аленя ў школьным парку.
– Нібы жывы! – сказаў я.
Стары Васіль кінуў на мяне кароткі пагляд і загаварыў:
– Эге, жывы... Мясціны ў нас знакамітыя... За маёй памяццю мядзведзі прыходзілі на пчальнікі ў вёску, алені пасвіліся разам з каровамі, дзікія свінні елі са свойскімі з аднаго карыта... Чародамі лясныя птушкі сяліліся побач з чалавекам.
На вячэрнія і ранішнія зоры зляталася гэтулькі салаўёў, што лес поўніўся іхнімі галасамі. Як толькі над цёмным лесам падымалася сонца і пачынала клапатліва аглядаць зямлю сваім вокам, з пушчы выходзіў алень. Ён піў з крыніцы ваду, а потым станавіўся ў канцы вёскі на ўзгорку і доўга стаяў у нерухомасці. Гэты незвычайны алень быў уладаром усяго свету. Рогі яго мелі шмат адросткаў і пышнай каронай упрыгожвалі галаву. Людзі празвалі яго Сонечным. Калі з’яўляўся Сонечны, людзі рабіліся радаснымі, весялосць улівалася ў сэрца чалавека. Уладар пушчы быў строгі, хадзіў, выцягнуўшыся ў струнку, з высока ўзнятай галавой. Бывае, зарыкае Сонечны, а яму, як рэха, адказваюць далёка ў лесе другія алені, потым яшчэ і яшчэ.
Кожны жыхар вёскі хацеў прыручыць уладара лясоў, зрабіць яго сваім. На прыгуменнях аленю насыпалі ў карыты аўса, клалі сена, канюшыну. Гадалі, каму ён дастанецца. Але ніхто не мог Сонечнага зрабіць сваім. Відаць таму, што сапраўдная прыгажосць – так, як сонца, месячык альбо зоркі, – павінна належаць усім людзям, а не аднаму чалавеку.
У канцы вёскі, каля самага лесу, жыў бабыль па прозвішчу Самуцік. На людзей ён не глядзеў, а заўсёды пазіраў сабе пад ногі, быццам што-небудзь згубіў і шукаў прапажу. Не выйшаў з яго гаспадар. Не ўмеў ён любіць зямлю, ды і працаваць ленаваўся. Хата Самуціка набок нахілілася, ён падпёр яе коллем. Страха зялёным мохам ды крапівой зарасла. Чары ён розныя ведаў. Не любіў пустэльнік людзей, не любіў і Сонечнага, бо ён людзям радасць прыносіў.
Аднойчы яшчэ да ўсходу сонца ў лесе грымнуў стрэл. Сонечны больш не прыйшоў піць ваду з нашай крыніцы. Яго забіў д’ябальскай куляй Самуцік. У той дзень раніцай на вёску насунулася чорная жудасная хмара. Бушавала навальніца, дрэвы ў пушчы рыпелі так, быццам з грудзей лесу вырываліся цяжкія стогны.
Пушчу пакінулі алені, ласі, собалі, куніцы, пеўчыя птушкі, перавялася ў рэках рыба. Цяжка стала жыць чалавеку. Але людзі не гублялі надзеі, верылі, што Сонечны абавязкова вернецца, а разам з ім прыйдуць і прыляцяць жыхары пушчы, якія пакінулі яе...
Стары змоўк, прыўзняўся, вочы яго свяціліся ціхаю радасцю. Ён зноў паказаў на прыгожую школу, на вясёлы парк, дзе стаяў у яркім бляску сонца алень з узнятай галавой.
– Вось ён і вярнуўся, – узнёсла закончыў стары Васіль легенду пра сонечнага аленя.
(462 словы)
Паводле Я. Зазекі.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Падземны паляўнічы
Пераказы, дыктанты → Стракаты дзяцел
Пераказы, дыктанты → Сарока-белабока