Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сом-волат

   Якіх толькі паданняў не пачуеш пра самоў! Многія сцвярджаюць, што ледзь не самі бачылі, як сом хапаў з паверхні вады качак і гусей, вырываў у гаспадыні ў час паласкання бялізну, а то і ўцягнуў з берага ў вадзяное бяздонне вялікага барана. Вядома, усё гэта небыліцы, але нельга сказаць, што ў іх зусім няма праўды.
   Нават знешне сом зусім не такі, як іншыя рыбы. Цела яго вялікае, знізу плоскае, пераходзіць у пляскаты хвост з двума доўгімі плаўнікамі. Афарбоўка сома цёмная, амаль што чорная, з бурым адлівам на спіне, па баках крыху святлейшая, жоўта-зялёная, а бруха белае. Вельмі вялікая пляскатая галава, шырокі рот, доўгія бакавыя вусы-адросткі, маленькія вочкі – такі каларытны «партрэт» гаспадара таямнічых віроў.
   Памеры самоў часам здзіўляюць: даўжыня цела можа дасягаць пяці метраў. Найбольшы з іх быў вылаўлены ў мінулым стагоддзі ў рацэ Одэр. Ён важыў больш за чатырыста кілаграмаў.
   Кажуць, у адным з азёраў Сербіі водзіцца сом-волат. Вучоныя правялі даследаванні і пацвердзілі: у возеры жыве вялізная рыбіна вагой каля двухсот кілаграмаў. Вырашылі яе злавіць, нават выклікалі спецыяльную брыгаду. Мясцовая турысцкая арганізацыя ўсім паведаміла, што рыхтуецца цікавае відовішча. Да месца лову з’ехалася больш за дзесяць тысяч цікаўных.
   Калі невад быў закінуты, усе далейшыя падзеі хутчэй нагадвалі спаборніцтвы па перацягванні каната, чым рыбную лоўлю. Раптам у адным месцы вада забурліла, на паверхні паказаўся вялізны сом. Ён на некалькі хвілін спыніўся, потым зрабіў рэзкі рывок, і ў вадзе засталіся толькі шматкі сеткі. Сом выйшаў пераможцам.
   Засмучанасць гора-рыбаловаў ніяк не раздзялялі прысутныя, іх сімпатыі былі на баку сома.
(245 слоў)

Паводле В. Грамыкі

 

Похожие статьи:

ПераказыЖыццё ў вадаёме

ПераказыСтронга

ПераказыВаяр патаемных віроў

ПераказыАднавокі сом

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Як зімуюць рыбы