Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Смелая варона

   У лесе, каля вёскі, жыў ястраб-цецеравятнік. Дужы драпежнік, хітры. Прытоіцца між галінак і чакае, пакуль якая-небудзь птушка наблізіцца. Стралой кідаецца тады на яе, хапае сваімі вострымі кручкаватымі кіпцюрамі, і ад гаротнай птушачкі застаюцца толькі пух і пер’е. А то падымецца ўвысь і робіць кругі над полем. Убачыць птушку ці малога звярка – падае каменем уніз. I няма ратунку бедалазе.
   Так разбойнічаў ястраб усё лета і восень. Але многія птушкі паляцелі ў вырай, менш іх стала ў лесе і на полі. Тады лясны драпежнік стаў паляваць бліжэй да вёскі, дзе каля свінарнікаў і кароўнікаў трымаліся галубы, галкі, вароны. Падкрадзецца, як злодзей, з-за будынкаў да чарады, кінецца зверху нечакана – і нясе ў лес сваю здабычу.
   З кожным днём радзелі птушыныя чароды. Палахлівымі і асцярожнымі сталі галубы і галкі, хаваліся ў кароўнікі, хлявы, трымаліся бліжэй да людзей. Тады ястраб стаў нападаць на варон. Удалося яму неяк злавіць некалькі шэрабокіх адзіночак. Магчыма, і далей разбойнічаў бы гэты ястраб каля вёскі, каб не адна варона, на якую напаў лясны драпежнік.
   Быў ясны марозны дзень. Ярка свяціла сонца. Зялёная рунь і пажаўцелая трава пакрыліся льдзінкамі інею. Тысячамі бліскучых іскрынак пералівалася трава, брыльянцістыя пасмы абвілі галінкі кустоў, серабрыстыя ніці віселі на бярозах, гойдаліся ад лёгкага ветру і мігалі яркімі блікамі.
   Раптам пачуўся прарэзлівы крык вароны, рэзкі лопат крылаў – ястраб набліжаўся да шэрабокай. Варона ўзвілася ўверх, трывожна закрычала, просячы сябровак аб дапамозе. Сама ж кінулася не ўцякаць, а... насустрач ястрабу. Яна выставіла сваю доўгую дзюбу, растапырыла кіпцюры.
   Драпежнік не чакаў такога адпору, таму рэзка затармазіў ды кінуўся ўбок.
   Варона з усёй сілы каркнула і зноў напала на ястраба.
   На дапамогу з усіх бакоў спяшаліся яе сяброўкі. Злоснае, рэзкае карканне, лопат дзясяткаў пар крылаў – вароны набліжаліся да месца паядынку.
   Праз міг цэлая чарада варон кружылася вакол ястраба. То адна варона, то другая ўзмывала ўвысь і з рэзкім карканнем нападала на драпежніка, старалася дзеўбануць яго дзюбай, ударыць крылом ці кіпцюрамі.
   Ястраб страціў свой ваяўнічы запал, забыўся пра паляванне, стаў сам ратавацца ад раз’юшаных птушак, чорная хмара якіх кружылася над ім. Ён то падаў да самай зямлі, то рэзка кідаўся ўбок, каб ухіліцца ад удараў, то ныраў у галлё невысокіх кустоў, абтрасаючы брыльянцісты іней. Калі ж вароны падымаліся над кустамі, зноў стрымгалоў пускаўся наўцёкі, з кожным узмахам крылаў набліжаўся да лесу.
   – Кар! Кар! Смялей, сяброўкі! Дружней нападайце! Разбойнік уцякае! – крычалі вароны і зноў даганялі ворага.
   Неўзабаве ястраб знік у гушчары, зашыўся ў галлё густой елкі і прытаіўся там. Ён цяжка, перарывіста дыхаў, успамінаў няўдалае паляванне і не мог уцяміць, чаму слабейшая за яго птушка перамагла.
   А вароны пакружыліся над вершалінамі дрэў і паляцелі на поле, расселіся адна пры адной на правадах электралініі, паціху пакарквалі – расказвалі, відаць, адна адной, як нападала кожная на разбойніка.
   Яны, напэўна, зразумелі, што чарадой лягчэй адбівацца ад ворага, што ў дружбе і згодзе – сіла.
   Мабыць, пра гэта здагадаліся і галубы, бо яны далучыліся да чарады варон, хвалілі іх за смеласць і адвагу.
(476 слоў)

Паводле В. Гурскага.

Похожие статьи:

ПераказыСарока-нянька

ПераказыПра возера Нарач

ПераказыБушавала полымя гневу

ПераказыВыдра падвяла

ПераказыЗязюльчыны слёзы