Якіх толькі навучальных устаноў не сустрэнеш на свеце, але сярод іх была адна ці не адзіная і знакамітая на ўсю Еўропу. Знаходзілася яна ў беларускім горадзе Смаргоні і называлася мядзведжай акадэміяй. «Акадэмікамі» ў ёй былі, вядома ж, касалапыя мішкі з навакольных смаргонскіх лясоў.
Заснавалі акадэмію ў сямнаццатым стагоддзі князі Радзівілы. На самым пачатку вясны адшуквалі ў вялізных сасновых лясах, што густа атулялі Смаргонь, малых медзведзянят і пачыналі іх вучыць. Каб стаць «акадэмікам», мішкам даводзілася добра папацець. Класам была прасторная хата, падлогай якой служыла ляжанка вялікай печы. Мядзведзяў навязвалі да слупа ў цэнтры, а ў печы распальвалі агонь. Заднія лапы вучняў абувалі ў лапці, абгарнуўшы папярэдне анучамі. Печ награвалі да той пары, пакуль малады звер не станавіўся на заднія лапы. А калі не ўратоўвалі і лапці, ён пачынаў падтанцоўваць – пераступаць з адной лапы на другую. Настаўнік у гэты час біў у бубен або граў на дудцы. Рытм музыкі супадаў з рытмам таптання мядзведзя. Атрымліваўся танец. Заняткі праводзіліся штодзённа і доўжыліся ад аднаго да двух месяцаў.
Пасля гэтага мядзведзяў выводзілі з хаты на волю. Тут іх зноў пацяшалі бубнам або дудкай, але, навучаныя клеткай-хатай, звяры не чакалі, пакуль стане прыпякаць у пяты, і пачыналі адразу танцаваць. За такую стараннасць іх частавалі пернікам.
Вытрымаўшы выпускныя экзамены, акадэмікі-скамарохі разам са сваімі павадырамі разыходзіліся па гарадах, мястэчках і вёсках беларускай зямлі. Траплялі ў Расію, Польшчу, Францыю, Германію, даходзілі нават да Венгрыі. Мядзведжая акадэмія ў Смаргоні існавала ледзь не да паловы дзевятнаццатага стагоддзя.
(240 слоў)
Паводле А. Бутэвіча
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Вось якія «мішкі»
Пераказы, дыктанты → Неспадзяваная сустрэча
Пераказы, дыктанты → Мядзведзь
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Былі ў мяне мядзведзі
Пераказы, дыктанты → Вучоныя танцоры