Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Словы, якія стралялі

   У гады Вялікай Айчыннай вайны падпольныя выданні знаходзілі сваіх чытачоў па ўсёй акупаванай Беларусі. Працавала ў гэтай інфармацыйнай вайне ўсё: свежыя зводкі з фронту, красамоўныя лічбы партызанскіх аперацый, карыкатуры. Але не меншае ўздзеянне на чытачоў аказвалі літаратурныя творы. Разумеючы сілу слова, практычна ўсе вядомыя беларускія пісьменнікі прымалі ўдзел у падпольным друку. Іх празаічныя і вершаваныя радкі, трапляючы ў самае сэрца, уздымалі суайчыннікаў на барацьбу з фашыстамі.
   У ліпені 1941 года пачало выходзіць сатырычнае выданне «Раздавім фашысцкую гадзіну». Чытачы знаходзілі тут творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы і іншых беларускіх пісьменнікаў, а таксама мастакоў.
   Пятрусь Броўка, як і многія літаратары, уплятаў у вершаваныя радкі не толькі агульны боль мільёнаў беларусаў, але і свой уласны. Маці паэта Алена Сцяпанаўна трапіла ў канцлагер у Асвенцыме. Там штодзень выстройвалі вязняў у шарэнгу і расстрэльвалі кожнага адзінаццатага. У адзін дзень Алена Сцяпанаўна аказалася дзясятай, а за ёй стаяла дзяўчынка. Не раздумваючы, жанчына адштурхнула тую і заняла яе месца. А на здзіўленне іншых зняволеных спакойна сказала, што сваё пажыла, а дзіцяці яшчэ трэба жыць. Пятрусь Броўка ў 1947 годзе пабываў у Асвенцыме і прысвяціў памяці самага дарагога чалавека паэму «Голас сэрца».
   У лютым 1942 года беларускіх журналістаў і пісьменнікаў мабілізавалі для выдання газет на роднай мове. Дзеля гэтага быў сфарміраваны эшалон-друкарня. Гэта друкарня выдавала газету «За свабодную Беларусь» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка». Выходзілі таксама кніжкі нестандартнага фармату – велічынёй з дзіцячую далонь. Яны лёгка змяшчаліся ў кішэні гімнасцёркі і раскрываліся, нібы гармонік. А вось змест іх быў далёка не дзіцячы: правілы маскіроўкі на рознай мясцовасці, вядзенне штыкавога бою.
   У партызанскіх лясах нарадзілася ўнікальная з’ява ваеннага часу – зборнік «Слуцкі пояс». Ён быў выдадзены ў друкарні падпольнай газеты «Народны мсцівец» і аздоблены мастакамі-партызанамі. І гэта пры тым, што газетную паперу партызаны займелі, адбіўшы яе ў ворага, а замест фарбы выкарыстоўвалі гуталін ды сажу.
(301 слова)