Мусіць, таму што пра многае не распытаў яго і многае недагаварыў, я не прыгадваю тых дзён з рыданнем рэквіема, шчымлівымі прамовамі, з бясконцай чарадою людзей, якія пакідалі цягнікі, вярталіся з падарожжаў, каб правесці яго, потым ішлі найдаўжэйшай і найпрацяглейшай дарогаю, каб лепш і больш нагледзецца перад тым, як развітацца.
Але я заўсёды помню дзень яго нараджэння. У гэты дзень, устаўшы на досвітку, выбіраюся ў поле, дзе павыскаквала ладная рунь, каб агледзець яе з усходам сонца, лапушную, кусцістую, у расе, а то і пад першай шэранню. Пасля перабіраюся ў лес і хаджу доўга, пакуль у кошыку не апынецца хоць дзясятак лісіц або самых позніх грыбоў – таўсматых і сакаўных зялёнак. Так удаецца паразмаўляць са збажыной будучага лета, паслухаць перадзімовы шум ранішніх хвой і пасядзець паўгадзіны каля маленькага цяпельца, адаграваючы рукі і лусту захопленага з сабою хлеба. Словам, паўтарыць усё тое, што ён любіў і што прызвычаіўся рабіць у апошнія цеплаватыя дні, пакуль не наваліла снегу і не замкнула на ледзяныя замкі рэк і палявых шляхоў.
У такія часіны ён размаўляў са сваім сумленнем, думаў пра будучыню краіны, пасылаў вочы наперад, на далейшыя шляхі народа, зазіраў у глыбіню чалавечых лёсаў.
У пошуме дрэў, у павеве ранішняга ветру нязменна чуецца яго голас:
– Жывіце даўжэй, хлопцы! Дагледзьце на свае вочы ўсё, чаго не давялося мне, і заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы.
Гэтыя словы я чуў многа разоў ад добрага дзядзькі Якуба, светлага Канстанціна Міхайлавіча, мудрага Коласа. Будзяць яны поначы, гучаць у полі, у лесе, на гарадскіх плошчах – скрозь пад небам Бацькаўшчыны, якую любіў ён аддана і верна неабдымнай любоўю вялікага сына народа.
(266 слоў)
Паводле М. Лужаніна
Похожие статьи:
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»
Якуб Колас → Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы