Для кожнага жыхара Беларусі першая нядзеля верасня асаблівая, святочная. У шумлівыя спантанныя размовы школьнікаў уключаецца важкае, выверанае стагоддзямі роднае слова.
На Беларусі заўсёды шанавалі друкаванае слова. Беларускае кнігавыданне мае больш чым пяцісотгадовую гісторыю. Кожны беларус павінен ведаць, што ў тысяча пяцьсот сямнаццатым годзе ў Празе Францыск Скарына надрукаваў кнігу «Псалтыр». Традыцыі нашага першадрукара плённа прадоўжылі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, браты Мамонічы, Спірыдон Собаль і многія іншыя. Дзе б мы ні знаходзіліся, павінны ганарыцца гэтым, ганарыцца поўным мудрасці і стваральнай энергіі родным словам!
Важная з’ява ў жыцці краіны, якой можа ганарыцца кожны яе грамадзянін, – адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Нацыянальная бібліятэка заклікана быць не толькі скарбніцай ведаў, але і важным адукацыйным, інфармацыйным і культурным цэнтрам.
Істотную ролю выконваюць у нашай краіне сродкі масавай інфармацыі. Цяпер у Беларусі зарэгістравана вялікая колькасць перыядычных выданняў, выходзіць шмат тэлевізійных і радыёпраграм. Як бачым, наша імкненне да асветы, духоўнага ўзвышэння спрадвечнае.
Таму невыпадкова, што Дзень беларускага пісьменства стаў сапраўдным народным святам, святам кожнага, хто шануе родную мову, культуру і традыцыі. Няхай множыцца скарбонка нашай духоўнасці.
(174 словы)
(Паводле А. Штура)
Похожие статьи:
С → Слова
Пераказы, дыктанты → Хто ж аўтар «Слова пра паход Ігаравы»?
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Слова
Пераказы, дыктанты → Роднае слова
Іншае → Слова пра паход Ігаравы