Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Свяшчэнныя атрыбуты дзяржавы
Кожная краіна, кожны народ адрозніваюцца ад іншых мовай, звычаямі, выглядам. Кожны народ і краіна маюць таксама свае адметныя знакі – гэта герб, сцяг і гімн. Дзяржаўныя герб, сцяг і гімн сімвалізуюць нашу незалежнасць, падкрэсліваюць стваральны дух і годнасць беларускага народа.
Герб і сцяг лічацца найвышэйшымі сімваламі краіны. Яны азначаюць незалежнасць, суверэнітэт дзяржавы. Беларуская нацыянальная сімволіка прайшла доўгі і цярністы шлях, які злучыў даўнія стагоддзі і сённяшнія будні. У выніку ўсенароднага галасавання ў 1995 годзе былі прыняты Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь у сучасным выглядзе. Іх стварыў народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі на аснове абнаўлення гістарычных сімвалаў.
Герб Беларусі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на што зверне ўвагу кожны, – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у залатых промнях сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму: мы любім сваю Айчыну. Гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй зямлі мы не аддадзім нікому! Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі льну. Вянок спрадвеку выкарыстоўваўся як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок жыта са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў. Славяне верылі, што сноп хлебных каласоў – сродак звароту да боскіх сіл з просьбай аб дараванні новага ўраджаю і росквіту.
Унізе контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця.
У гербе знайшлі адбітак асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да міру і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.
Дзяржаўны сцяг адлюстроўвае істотна важныя звесткі пра нашу краіну. Кожны грамадзянін павінен добра разумець мову беларускага сцяга, каб асэнсавана ганарыцца ім, як ганарацца сваім народам і яго слаўнай гісторыяй.
Наш сцяг мае тры колеры: чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер са старажытных часоў служыць знакам Сонца, сімвалізуе кроўныя сувязі, братэрства, барацьбу за справядлівую справу. Адначасова гэта знак шчаслівага жыцця. Зялёны колер – колер дабра, свабоды. Нездарма лічаць, што назва нашай краіны звязана з непахіснай воляй да свабоды. Белы колер – гэта колер маральнай чысціні і мудрасці. Сцяг Беларусі мае яшчэ адну важную дэталь – чырвоны народны ўзор.
У цэнтры арнамента – ромб, элементы якога азначаюць вечнасць і рух. Сам ромб – гэта старадаўняя выява багіні Зямлі і Урадлівасці. Разам з тым ромб – гэта сімвал засеянага поля. Ён акружаны знакамі, якія сімвалізуюць ураджай, удачу і здзяйсненне добрых жаданняў.
Такім чынам, сцяг і герб Рэспублікі Беларусь адлюстроўваюць гісторыю беларускага народа як часткі славянскай галіны ад самых старажытных часоў і да нашых дзён.
Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг сумесна з Дзяржаўным гімнам утвараюць свяшчэнную трыяду нашай дзяржавы. Калі быў аб’яўлены конкурс на тэкст гімна, з больш чым чатырохсот варыянтаў быў выбраны тэкст на словы Міхася Клімковіча і Уладзіміра Карызны.
З 2002 года Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь горда гучыць як напамін славы і мужнасці нашага народа.
(500 слоў)
Паводле Н. Балтрушэвіч.
Похожие статьи:
Аркадзь Куляшоў → Сцяг брыгады. Ідэйны змест, мастацкія асаблівасці
Пераказы → Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Сцяг брыгады