Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Сарока-нянька

Ад самых шчырых роздумаў сваіх
Мне пакланіцца хочацца прыродзе!

К. Кірэенка.
 

   Вясной на пагорку, што пасярод балота, лісіца вырыла нару. Неўзабаве там з’явіліся лісяняты. Клапатлівая маці прыносіла малым то мыш, то жабу, а аднаго разу прыцягнула нават зайца. Ешце, маўляў, падрастайце хутчэй.
   Побач з нарой, у галлі хвойкі, звіла гняздо сарока. Касавурылася яна доўга на лісіныя аб’едкі, а аднойчы не вытрымала, зляцела на ніжнюю галіну і затрашчала жаласліва:
   – Са мной трэба падзяліцца. Другі раз табе дапамагу.
   – Не трэба мне твая дапамога, – азвалася лісіца і злосна замахала хвастом. – Мяне тут чалавек ніколі не знойдзе: вакол пагорка гразь пад нагамі хлюпае.
   Ні з чым засталася сарока, паляцела сама здабываць ежу для сваіх птушанят.
   Беглі дні за днямі. Сонца свяціла ўсё цяплей, і балота стала падсыхаць. А тут грыбы з’явіліся, лес напоўніўся людскімі галасамі. Дабраліся грыбнікі і да пагорка пасярод ляснога балота. Убачыла іх сарока і затрашчала бесперастанку:
   – Хавайцеся, звяры і птушкі! Ратуйцеся! Чалавек набліжаецца!
   Лісяняты пачулі трывожны трэск сарокі і схаваліся ў нару. Затаіліся там, прыслухоўваючыся да незнаёмага тупату над нарой. А сарока трашчыць на ўвесь лес, пералятае з дрэва на дрэва, адводзіць грыбнікоў далей ад свайго гнязда і ад нары, папярэджвае лясных жыхароў, што няпрошаны госць з’явіўся недалёка, можа, з ліхім намерам ходзіць тут.
   Лісіца якраз вярталася з палявання. Пачула яна трывожнае сакатанне сарокі, прытаілася за кустом, пра дзетак сваіх вельмі занепакоілася. А як адышоўся грыбнік, пабегла хуценька дамоў, палезла ў нару і абрадавалася, што дзеткі ўсе паспелі схавацца. Пахваліліся лісяняты, што гэта сарока іх папярэдзіла.
   Лісіца дала кавалачак мяса сароцы, вінавата падзякаваўшы за дапамогу. Успомніла, як няласкава гаварыла з ёй, і папрасіла прабачэння за тое, што адмовілася некалі ад дапамогі, прапанавала, каб сарока няньчыла лісянят.
   – Быць нянькай?! – засмяялася сарока. – Няўжо ты думаеш, хітруха, што я стану гуляць з імі ў жмуркі ці калыханку буду спяваць ім у нары? Няўжо сама захачу здуру трапіць на іхнія вострыя зубкі?!
   – Ды не ж! – перабіла лісіца сароку. – Табе не трэба спускацца на зямлю. Сядзі сабе на галіне і наглядай за імі, папярэджвай аб небяспецы. Зверху ж далёка відаць!
   – З суседзямі трэба жыць памяркоўна, – затрашчала сарока і, схапіўшы неабгрызеную костачку, панесла ў сваё гняздо.
   З таго часу лісіца і сарока дапамагалі адна другой гадаваць сваіх малых. Сарока папярэджвала лісянят аб небяспецы, а лісяняты дзяліліся са сваёй нянькай аб’едкамі. Лісіца ж заўсёды, калі адпраўлялася на пошукі ежы, прасіла суседку папільнаваць яе маленькіх, абяцаючы за гэта прынесці ёй гасцінчыка.
   Наядуцца лісяняты, качаюцца на жоўтым пясочку ці бегаюць адно за адным. А сарока схопіць неабгрызеную костачку і нясе сваім дзеткам. Пасля ўсядзецца на галінцы і пільна сочыць за наваколлем. Убачыць каго-небудзь, затрашчыць трывожна, каб лісяняты хаваліся ў нару.
   – Добрая нянька, – радавалася лісіца.
   Сарока сваіх дзяцей гадуе і сцеражэ маленькіх лісянят, бо за немаўлятамі пастаянны нагляд патрэбны і клопат, каб не трапілі часам у бяду: малыя ўсё ж, нявопытныя, неасцярожныя, дураслівыя часам, саманадзейныя. Без нянькі ніяк не абысціся.
(459 слоў)

Паводле В. Гурскага.

Похожие статьи:

Ян БаршчэўскіБелая Сарока

ПераказыВыдра падвяла

ПераказыСарока-белабока

ПераказыБушавала полымя гневу

ПераказыСмелая варона