Гэтую санату Бетховена Валя ведала на памяць і магла яе іграць у любы час і без нот. Павольныя, ціхія гукі адразу ж прыносілі нейкі спакой, ціхамірнасць, і яна злівалася з музыкаю, нібы растваралася ў ёй. Валі нават здавалася, што музыка якраз і ёсць яна сама, толькі выяўленая ў нейкім іншым, невядомым ёй да гэтага стане.
Ёй нават чамусьці здавалася, што гукі музыкі былі каляровыя: і жоўтыя, як лісце пад нагамі, і блакітныя, як неба над галавою, і зялёныя, як трава пад лісцем. І яшчэ Валю здзівіла, што музыка так можа хваляваць і непакоіць. Яна не ведала яшчэ тады, што гэта была саната Бетховена.
Валя запомніла санату па-свойму, развучыла, штосьці нават дадаўшы ад сябе, і сыграла аднойчы яе перад сапраўдным музыкантам. Той узрадаваўся і здзівіўся:
– Здорава! «Лунная саната» Бетховена! Але навошта, дзяўчынка, столькі вольнасцей?
З гэтага часу Валя падружылася з піяніна, падыходзіла да яго сама і ахвотна іграла.
(147 слоў)
Паводле Я. Сіпакова