Незлічоныя скарбы схаваны пад зямлёй, на якой пабудаваны горад Салігорск. Здабыць іх могуць умелыя і вопытныя рукі, сучасныя машыны.
У Салігорску можна пачуць цікавую легенду. Шмат слёз пралілі нашы продкі. Слязамі арасілі зямлю. Глыбока ў нетры зацяклі яны. І ўтварылася там з людскіх слёз салёнае мора. А потым ператварылася яно ў соль зямлі. І назвалі яе сільвінітам.
Каб спусціцца ў шахту, трэба надзець рабочы касцюм, каску з ліхтарыкам. Вялізны ліфт едзе пад зямлю. У шахце «падлога» і «сцены» быццам высланы дыванамі. Чырвоныя, белыя, бардовыя, бэзавыя фарбы ўплецены ў шэрую пароду. Гэта каляровая сцяна салёная на смак. Дыхаецца тут лёгка. Падземныя машыны ездзяць па шырокай і роўнай вуліцы, якая называецца штрэкам.
Шахцёры працуюць там, дзе «столь» трымаюць металічныя «далоні». Тут магутныя камбайны ўгрызаюцца ў зямныя нетры. Шахцёры – стваральнікі салігорскай славы. Твары ў іх валявыя, мужныя. Беларускай калійнай солі так многа, што працы хопіць не аднаму пакаленню шахцёраў.
Калійныя ўгнаенні робяць урадлівымі сельскія нівы, дапамагаюць хлебаробам збіраць багаты ўраджай не толькі ў нашай рэспубліцы, але і за яе межамі. Вось як далёка свецяць агні нашага Салігорска!
(176 слоў)
(Паводле У. Ліпскага)
Похожие статьи:
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Ідзе ўсюды пагалоска...