За вясковымі агародамі бяжыць у зарасніку безназоўная рачулка. Ля яе стаіць куст вярбы. Тонкія галінкі дрэва схіліліся над вадой. На адной з гэтых галінак сядзіць маленечкая птушачка і спявае. Ды як спявае! Па ўсім наваколлі песня чуваць.
Гэта салоўка. Куст вярбы – найлепшы для яго куток на свеце. Пад ім у сухім летнім быльнягу птушкі ўюць сабе мяккае гняздзечка. Будаўніцтвам у асноўным займаецца гаспадыня, а сам салоўка гучнымі песнямі славіць свой пышны куст і вясёлую рачулку.
Спявае салоўка без адпачынку цэлымі суткамі. І толькі зрэдку глухой поўначчу ён задрэмле, закалыханы бульканнем рэчкі.
Нарэшце гняздо гатова. Самачка паклала ў яго чатыры рабенькія яечкі і пачала іх наседжваць. Радасці ў салоўкі хоць адбаўляй. Зараз ён на ўвесь голас славіць сваю клапатлівую сяброўку, утульнае гняздзечка, цёплае сонейка ў небе.
Але вось у агародчыках адцвіў бэз. І тут раптам спявак пачаў блытаць час песень. Раніцай заспявае, затое вечарам прамаўчыць. Вечарам заспявае, а раніцай ні гуку не падасць. А ноччу і днём зусім маўчыць.
Што за прычына? Гэта азначае, што ў гняздзе ў салоўкі з’явіліся маленькія дзеткі. Цяпер яму не да спеваў. Трэба корм здабываць ды птушанят гадаваць. Вось ён і спявае цяпер з перапынкамі.
(190 слоў)
Паводле Р. Ігнаценкі
Похожие статьи:
Алесь Салавей → Там, на пякельным таку, дзе цапамі малоцяць галовы...
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Лясы. Узгоркі. Паплавы...
Биографии → Алесь Салавей
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Пад шэлесты лісця
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Спі...