Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Салодкае замарачэнне
Жывучы летам у лесе, я люблю наглядаць мурашак, як яны снуюць ад свайго высокага шматпавярховага дома ў розныя бакі.
Бягуць, спяшаюцца. Кожная мае свой клопат. Адна цягне сухую травінку, другая – сасновую іголку, трэцяя знайшла нежывога блакітнага жука, прыпынілася і задумалася: што гэта за стварэнне – мамант, слон, насарог сярод нас, мурашак? Трэба паклікаць сябровак. Збягаецца вялікі натоўп. Яны аглядаюць жука, потым прабуюць скрануць з месца – цяжкі. Сяброўкі разбягаюцца. Але ніводная не забылася, куды бегла.
Рух у іх, як і ў нас, у людзей, мае свой парадак. На кожнай дарозе, якая ідзе ад мурашніка, яны трымаюцца свайго кірунку: адны з дому, другія – дадому. Размінаючыся на хаду, бывае, прыпыняцца, каб павітацца, спытаць пра здароўе або кінуць слова пра добрае надвор’е, і бягуць па сваім гасцінцы далей.
Адзін такі мурашыны гасцінец перасякаў высыпаную жвірам дарожку, па якой я вяртаўся са сталовай. Пасля снедання я выйшаў з цукеркай, дастаў яе з абгорткі, узяў у рот і не заўважыў, як паперку кінуў на дарогу. I адразу ж спахапіўся: «Нядобра, – падумаў я, – калі кожны, хто выйдзе са сталовай, зробіць гэтак, як я: закідаем смеццем усю дарогу». Я хацеў падняць паперку, нагнуўся і ўбачыў, што яна, як вялікая грэбля, перагарадзіла мурашыны шлях, нечакана прыпыніўшы ўвесь рух.
Першы, хто рашыўся перабегчы грэблю, быў самы малы, але, відаць, і самы смелы мураш. Ён спыніўся, паварушыў вусікамі, пакруціў галавою і адважна ўзлез на памост. Прыемны пах, які яшчэ здалёк прывабіў мураша, быў такі густы і смачны, што ў яго замарачылася галава. Храбры разведчык не ўтрымаўся і лізнуў паперку.
Эге! Яна не толькі пахла, гэтая паперка. Яна была такая салодкая, што муравейчык забыўся пра ўсё па свеце. Ён ужо не мог адарвацца ад свайго, такога неспадзяванага, шчасця.
Мурашоў, як і людзей, заўсёды вабіць дзіва. Зацікавіўся адзін – зацікавіліся ўсе. Спыніліся тыя, што беглі з дому, спыніліся і тыя, што спяшаліся дадому. У адну хвіліну спусцеў мурашыны гасцінец. Усе былі тут.
Як на якой плошчы, сабраліся яны на цукерачнай паперыне. Неўзабаве іх было столькі, што ўціснуцца сюды ніхто б іншы не змог. У гэтым стоўпішчы не заставалася ўжо ніякай прадухі. Чорны клубок, у якім спляліся прагнасць і злосць, варушыўся, як безразважная, сляпая істота.
Болей я не мог вытрываць. Разумныя вы стварэнні, ці мы памыляемся, калі дзівімся вашай працавітасці і стараннасці?
Я схапіў кіёк, падчапіў мурашыны клубок, стаў падкідаць яго ў паветры, потым страсаць іх адну за другой з паперкі.
Асавелыя, ачмурэлыя, яны адразу не маглі апрытомнець. Толькі праз хвіліну-дзве сталі выбірацца на свой гасцінец. Кожная спакваля ўспамінала, куды, у які бок яна бегла, з якім клопатам, і, успомніўшы, выпраўлялася ў дарогу.
Замарачэнне скончылася. Пачыналася жыццё.
(422 словы)
Похожие статьи:
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Дыялог з мурашом
Максім Танк → Максім Танк - Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні