Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сакрэт чароўных шкельцаў

   Гэтую цікавую з’яву заўважылі яшчэ старажытныя грэкі і рымляне: шкляны шар, напоўнены вадой, валодае здольнасцю павялічваць прадметы. Але тады гэтае павелічэнне тлумачылі не выпуклай формай паверхні, а дзеяннем вады. Прадпрымальныя ўладальнікі харчэўняў упрыгожвалі такімі шарамі свае вітрыны. Садавіна, пагружаная ў ваду, павялічвалася ў памерах, а стравы, на якія глядзелі праз шары, здаваліся больш прывабнымі.
   Гісторыя данесла да нас паданне з І стагоддзя нашай эры пра славуты смарагд імператара Нерона: Нерон глядзеў баі гладыятараў праз гэты адшліфаваны мінерал. Вось той смарагд і быў, напэўна, правобразам сённяшніх акуляраў. Зялёным смарагдам Нерон карыстаўся «для ўмацавання вачэй». Тагачасныя ювеліры, працуючы, клалі каля сябе зялёнага свяшчэннага жука скарабея. Ужо тады, у такія даўнія часы, людзі ведалі, што стомленыя вочы пры позірку на зялёнае лепш адпачываюць. Паводле загаду Нерона нават арэну цырка пасыпалі зялёным пяском са здробленага малахіту, а з плячэй імператара заўсёды звісала зялёная мантыя.
   Але толькі ў X стагоддзі арабскі вучоны Ібн аль-Хайсам (Альгазен) выказаў важнае назіранне: «Калі глядзець праз сегмент шклянога шара, то ён павялічвае прадметы».
   Вырабляць шкляныя лінзы (а лінза – аптычнае шкло са сферычнымі паверхнямі) людзі навучыліся вельмі даўно. Але для акуляраў яны шукалі тонкае, бясколернае і празрыстае шкло. У XІІІ сгагоддзі ў Венецыі сакрэт вырабу такога шкла быў знойдзены. Да XVІ стагоддзя гэтая тайна строга захоўвалася. І акуляры, як лічаць многія вучоныя, былі вынайдзены хутчэй за ўсё ў Венецыі або ў Паўночнай Італіі ў канцы XІІІ стагоддзя. Праўда, пакуль толькі для дальназоркіх, бо ўвагнутае шкло для блізарукіх было вынайдзена значна пазней – у XVІ стагоддзі.
   Доўгі час акуляры каштавалі вельмі дорага, што тлумачылася складанасцю вырабу чыстага і празрысгага шкла. Іх разам з каштоўнасцямі ўключалі ў свае тэстаменты каралі, князі, іншыя заможныя людзі. Іншы раз насілі акуляры з фанабэрыі, з-за жадання паказаць сваё багацце.
   Канструктары шукалі спосаб «прыладзіць» акуляры да вачэй. Спачатку з’явіўся манокль – адно шкло на доўгай ручцы. Потым пачалі шліфаваць двайное шкло з дзвюма ручкамі – бінокль, які можна было надзець на нос. Пазней паспрабавалі прымацаваць акуляры да капелюша. Далей ушывалі акулярнае шкло ў раменьчык, які завязвалі на патыліцы, быццам карнавальную маску. Прыстасоўвалі спружыны, якія прыціскаліся да скроняў. Апраўлялі шкло ў жалезныя кольцы і злучалі перамычкай – атрымлівалася пенснэ, але без заціску на носе. І, нарэшце, прыстасавалі да акуляраў завушнікі – амаль гэтак, як робяць сёння.
(365 слоў)

Паводле М. Лібінтава