Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сады восенню

   Восень падкрадваецца заўсёды ціха. Спачатку заўважаеш, што пастухі не прыганяюць ужо кароў на абед: дзень стаў маленькі, і няма той спёкі, якая раней бывала ў поўдзень і якую каровам лепш перачакаць у хляве. Потым звяртаеш увагу на тое, як пад цяжарам пладоў апусцілі сваё зялёнае голле сады. Кожная яблынька выглядае квактухаю, якая захінае пісклявых куранят ад дажджу.
   Бывае, унадзіцца ў сады моцны вецер. Пашастае, паходзіць між яблынь. Выйдзеш уночы на двор і адразу заўважаеш змену: раней было светла ад яблыкаў уверсе, дзе кроны дрэў, а цяпер яблыкаў аж бела на зямлі, а кроны нязвыкла палохаюць халоднаю чарнатою.
   Ды нават і без дапамогі ветру ў сады прыходзіць час, калі дрэвы, вызваліўшы галіны з-пад цяжару, шумяць усё роўна нявесела, нібы сумуючы па яблыках, якія цяпер ляжаць у вялізных грудах. Пройдзе час, плады вывезуць з саду, і тады ён здасца яшчэ больш сумным. Зірнеш – і рэдка дзе ўбачыш адзінокі яблык, што блішчыць між лісця на апошнім сонцы.
(154 словы)

Паводле Я. Сіпакова

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыТам усё смачнейшае

Пераказы, дыктантыБелыя вішні і яблыні

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

Пераказы, дыктантыБатанічны сад

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мой сад