Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Садаводства ў Беларусі

   Некалі цяжкія вазы з беларускімі яблыкамі, грушамі, слівамі бралі шлях на Вільню, Рыгу, Варшаву, Смаленск, Пецярбург. А сакавітую антонаўку з тутэйшых садоў дастаўлялі аж у туманны Лондан.
   Першыя дакументальныя сведчанні пра садаводства ў Беларусі датуюцца трынаццатым стагоддзем. А ў адной са згарэлых гаспадарчых пабудоў Мінска дванаццатага стагоддзя археолагі адкапалі... абгарэлыя грушы. Царкоўныя кнігі адзначаюць яшчэ і такі цікавы факт: у 1005 годзе ў Тураве вырошчвалі вінаград.
   Вялікі ўплыў на развіццё садаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім аказала каралева Бона Сфорца. Дзякуючы яе руплівасці ў многіх месцах, найперш у шматлікіх маёнтках, з’явіліся сады і вінаграднікі.
   Сад Сапегаў у Дзярэчыне (цяпер гэта Зэльвенскі раён) налічваў чатырыста сорак шэсць пладовых дрэў. Акрамя традыцыйных яблынь, груш, вішань, там пладаносілі персікі і абрыкосы, а ў своеасаблівых аранжарэях раслі экзатычныя дрэвы. Уладальнікі саду ў Міры таксама маглі пахваліцца экзатычнымі апельсінавымі, лімоннымі, міртавымі, лаўровымі дрэвамі, а таксама самшытам, кіпарысам, італьянскім арэхам.
   У1917 годзе ў Беларусі сады займалі дваццаць сем тысяч гектараў зямлі, пачалі стварацца плодагадавальнікі. У 1925 годзе была прынята пастанова аб арганізацыі на тэрыторыі саўгаса «Лошыца» аддзялення Інстытута прыкладной батанікі і новых культур. У сярэдзіне трыццатых гадоў маладыя сады ўжо раскінуліся больш чым на трох тысячах гектараў, яны выстаялі нават у ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны. Але ў апошнія гады дваццатага стагоддзя склалася вельмі цяжкае становішча: старыя сады, на жаль, сталі мала пладаносіць, шмат дрэў захварэла, яблыкі перасталі мець прыгожы выгляд.
   Такая сітуацыя склалася невыпадкова. Калі пасаджаныя ў пяцідзясятыя гады дрэвы падраслі і пачалі кожную восень гнуцца пад цяжарам пладоў, сельскую гаспадарку хвалявала ўжо зусім іншае – стварэнне жывёлагадоўчых комплексаў. I тыя сродкі, што выдзяляліся дзяржавай на будаўніцтва спецыяльных сховішчаў для садавіны, пайшлі на іншыя мэты. Вывезці тоны яблыкаў за межы краіны не было рэальнай магчымасці, як і тэрмінова ды з высокай якасцю перапрацаваць іх. На садаводства ледзь не махнулі рукой: маўляў, калі няма яблыкаў, то не будзе і праблем, звязаных з імі.
   Няўжо ж беларусы развучыліся гаспадарыць у садах? Не, не развучыліся, вельмі нават умеюць. А дзе за працу бяруцца ўмельцы, энтузіясты, там заўсёды самыя высокія поспехі. Беларускія селекцыянеры вывелі цудоўныя зімастойкія сарты яблынь, груш, вішань, чарэшань, абрыкосаў, грэцкага арэха. Духмяныя яблыкі познезімовых сартоў захоўваюцца да двухсот дзён і ўвесну здольныя з поспехам адцясніць прывезеныя з-за мяжы, радуючы пакупнікоў і смакам, і даступнай цаной. Немалаважна і тое, што замежныя вытворцы, каб атрымаць высокія ўраджаі, да пятнаццаці разоў за сезон апрацоўваюць сады рознымі хімікатамі, а вось дрэвам беларускай селекцыі дастаткова такой апрацоўкі ўсяго некалькі разоў.
   Каб праз нейкі дзясятак гадоў кожны беларус змог не толькі восенню, але і ўвесну з’есці яблык, вырашчаны на роднай зямлі, была прынята дзяржаўная праграма развіцця галіны садаводства. I каб здзейсніць усё запланаванае, каб выканаць гэту праграму, патрэбны гаспадар, які ведае ўсе сакрэты тонкай садоўніцкай справы і перажывае за яе ўсёй душой.
(451 слова)

Паводле Л. Анісавец.