Здарылася гэта каля пад’езда нашага дома.
Дом дзевяціпавярховы, буйнапанэльны. Шчыра кажучы, ведаеш не кожнага, хто жыве нават на адным з табой паверсе. Аднак і я, хоць амаль паўгода жыву ў вёсцы, калі вярнуўся, заўважыў свежага чалавека. Жанчына ўжо сталага веку, у акулярах. Я часцяком бачыў, як яна тэпала ў суседні магазін «Азёрны». Ішла цяжка, кульгаючы.
Стаяла позняя восень. З таполяў, што растуць у двары, лістота даўно абляцела. А на вербах зелянела, як усё роўна ў маі. Яна будзе трымацца аж да першых моцных замаразкаў, а там упадзе долу.
Вечарам пажылыя насельнікі дома сядзелі на лаўках каля пад’езда. Панавала цішыня і спакой. Толькі каля нізенькага вёрткага дзядка, што жыў на першым паверсе, мітусіўся Тобік – дзядзькаў пярэсты сабачка.
І тут выйшла жанчына ў акулярах, з кійком у руцэ. Тобік раптам настабурчыў поўсць і кінуўся, ашчэрыўшы пашчу, да жанчыны. Тая на дзіва жвава для сваіх гадоў павярнулася і агрэла кіем сабаку. Агрэла добра – той аж угнуў спіну. Сабака заякатаў, падціснуў хвост і пабег да гаспадара. Дзядок ледзь не затросся над сабачкам, нешта асуджальна мармытаў і кідаў гнеўныя позіркі на кабету. А тая ішла сцежкай паміж таполямі да аўтобуснага прыпынку. Плечы ў яе прыкметна ўздрыгвалі, трэслася рука, якой апярэзала Тобіка.
– Якая гадаўка! – чуліся абураныя галасы. – Цяпер пайшлі і старыя, што нікога не шкадуюць.
Толькі праз некалькі тыдняў, і тое выпадкова, жыхары даведаліся: жанчына ў вайну была вязнем канцлагера ў Германіі.
– Разумееце, не магу спакойна чуць сабачы брэх. Бачу, як ікластыя сабакі рвуць чалавека. А прайшло ж больш за пяцьдзясят гадоў ...
Яна заплакала. Бездапаможна, як дзіця.
(254 словы)
Паводле М. Даніленкі
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан
Пераказы, дыктанты → Фомка
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц
Пераказы, дыктанты → Шукаю гаспадара
Пераказы, дыктанты → Белы шпіц