Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Рыбацкае шчасце

   Мой Сож у той мясціне, дзе я нарадзіўся, каля вёскі Гайшын, непадалёк ад Слаўгарада, – рака незвычайнага хараства і рыбнага багацця. Правы бераг высокі і стромкі, часам у густых зарасніках арэшніку і дубняку, а часцей заценены засенню маладых бароў. Левы – ніжэйшы, але сухі і водарны. Тут шырока рассцілаюцца заліўныя лугі са шматлікімі азярынамі, пясчанымі грудкамі, за якімі стаяць, нібы стаміўшыся, задуменныя векавыя дубровы.
   Добра тут рыбаку сустракаць летнія адвячоркі. Сонца ўжо схаваецца за гарою, павее свежасцю з крынічных яроў, а па лузе ўсё яшчэ гуляюць цёплыя, прамяністыя ўсмешкі. Духмяная цішыня густа наплывае з-за вербалозаў на раку. Нават у глеістых пячурках пад берагам сціхла, не запляскоча бруістая вада. Ястрабок, што ўвесь дзень млява кружыўся над сітнягамі, выглядаючы здабычу і адцягваючы ўвагу рыбака, і той са свістам крылаў нырнуў у заценены бор. Над ракою, нібы ўзіраючыся ў наваколле, ступае ціхая, светлая задума. У такія хвіліны рыбак, знаёмы з Сажом, добра памятае: трэба стаіць дыханне! У гэты час пакідае глыбіні і пачынае ход за спажываю самая магутная прыдонная рыба. Зачараваная цішынёю, яна амаль без асцярогі падыходзіць блізенька пад берагавыя травы і раскінутыя над вадою старыя вербы. Паволі пасоўваецца супраць цячэння, падбіраючы прыбіты да рачных абрэзаў усякі корм. Вось у такія адвячоркі часцей за ўсё і выпадае рыбаку перажыць тое шчаслівае хваляванне, якое не дасць яму потым ні на хвіліначку заснуць каля ціхага цяпла.
   Але, бадай, калі б і ўдалося рыбаку трохі супакоіцца, прымасціўшы галаву на сухі дзёран, то ўсё роўна яго хутка пабудзяць сцішана-ўладарныя шолахі і галасы світанку. Яшчэ дзе-нідзе падае голас нястомны начны валацуга – дзяркач, але ўжо яго перабівае там і сям то залівістая песня жаваранка, то ўрачысты трубны кліч журавоў, то кароткае «кэ-кэ» глухаркі, што выводзіць сваіх дзяцей насустрач промням сонца на пясок высокай грывы. Павольна наплывае на бераг ракі парны празрысты туманок. Ён так хутка асядае, што рыбак не паспее яшчэ і апомніцца, як увесь бераг пачынае іграць гарэзлівымі водбліскамі пагодлівага летняга ранку. I тут рыбак спяшаецца хутчэй закінуць свае вуды. Ён ведае: хутка з-за сіняга лесу адразу і раптоўна гайданецца над азярынкамі і серабрыстымі плёсамі сонца. I трэба не ўпусціць некалькіх дарагіх хвілін перад гэтым чаканым момантам. Паплавок, спачатку добра бачны ў дробных ад ранішняга ветрыку хвалях, нечакана пачынае ісці насустрач плыні, потым тарганецца разок-другі, як быццам задумаецца, і раптам глыбока знікне пад цёмнай вадою. Рыбак, усхваляваны і насцярожаны, хутка бярэ вуду ў рукі. Зараз пачуецца рэзкі і настойлівы націск волата прыдонных рачных шляхоў. Вудзільна сагнецца ў дугу, а леска зазвініць, як тонкая струна. I хто ведае: можа, толькі дзынкне абарваны яе канец. I рыбак, які так любіць вясёлае сонца, зашэпча: «Пачакай, сонейка, не ўзыходзь, а мо ўдача яшчэ і паўторыцца».
   Хоць Сож і страціў многа сваёй паўнаводнай красы, усё ж і сёння ён – адна з найлепшых рэк у маім краі.
(453 словы)

Паводле К. Кірэенкі.

Похожие статьи:

ПераказыНа беразе з вудачкай

ПераказыГолас аргана

ПераказыЯзь

ПераказыНавальніцы

ПераказыСтронга