На адным з адгор’яў Мінскага ўзвышша знаходзіцца лагчына з невялічкім балотцам. Па краях яно зарасло кустамі лазы, асакою і трыснягом. На самай сярэдзіне яго блішчыць люстэрка чыстай вады.
З заходняга боку да балотца прымыкае мурожны луг. За лугам – поле, пасярод якога стаіць пяць старых дубоў. Каля аднаго дуба дажывае свой век амаль засохлая асіна з дупламі. Адно з іх некалі выдзеўбала жаўна – вялікі чорны дзяцел.
З трох іншых бакоў балотца акаймляе шырокай падковаю стромкі бярэзнік. Сям-там у ім растуць старыя хвоі, ліпы, асіны.
На поўдзень, за бярэзнікам, раскінуўся буйны масіў старога і маладога яловага лесу, у якім трапляюцца квяцістыя сунічныя палянкі, невялікія пясчаныя пагоркі, парослыя верасам, лагчынкі, дзе растуць вербы, алешнік, крушыннік і маліннік.
На ўсход ад балотца знаходзіцца мяшаны лес, на поўнач працягнулася паласа маладых пасадак хвойніку, а далей высіцца сцяна старога бору, у падлеску якога стаяць вечназялёныя пірамідкі ядлоўцу і елачак.
(143 словы)
Паводле З. Бяспалага
Похожие статьи:
Пераказы → Прыдзвінскія краявіды