Я люблю лес. Блукаеш па ім цэлы дзень і нібы чытаеш незвычайную кнігу...
І гэта ўсё пачалося ў мяне з маленства. Памятаю, пойдзеш з сябрамі ў ягады, а там неўзаметку адзін ад усіх – убок. Колькі ні крычаць – не даклічуцца. Усё далей і далей у гушчар: а што там? Спахопішся пасля і не ведаеш, куды ісці. А пра тое, што мурашнікі каля пнёў заўсёды з паўднёвага боку робяцца, што дрэвы стараюцца схавацца ад сіверка, да сонца ўсімі галінамі цягнуцца, не здагадваешся. Толькі пасля зразумееш. Ведаеш: не заблудзіўся зусім, дарога дзесьці паблізу, ды і вёска недзе недалёчка. І ўсё-такі страшна стане.
Клікаць пачнеш – ніхто не адгукаецца. Толькі сарокі з верхавін елак паглядаюць і, задзіраючы хвасты, падымаюць тарабарскі крык. Узаб’ешся, нарэшце, на якую-небудзь сцяжынку і бяжыш па ёй, пакуль не трапіш на знаёмую дарогу.
Ледзь валачэш дадому стомленыя, ацяжэлыя ногі. І нічога не хочацца, як толькі паесці і спаць. А прабяжыць дзень-другі – пацягне зноў туды, у лес, дзе ўсё тваё: трава і неба, сонца і птушкі.
Неяк пад восень брусніцы пайшлі. Я зноў (на гэты раз ужо, праўда, супраць сваёй волі) адбіўся ад гурбы ягаднікаў. Паклікаў – цішыня. А навокал, у які бок ні памкніся, лес, густы, цёмны. Раптам бачу: зайчык з кустоў выскачыў, бяжыць наперадзе. Спынюся я – ён прысядзе слупком. Вушамі паводзіць, паводзіць і зноў – скок, скок! І я за ім...
Так і вывеў мяне зайчык на нейкую дзялянку. А на ёй брусніц – ступіць няма куды. Буйныя, сакавітыя. Ды не да ягад мне: вось-вось сонца за лес сядзе...
За дзялянкай, у лагчыне, лясная рэчка шлях перагарадзіла. Невялічкая, дно ўсё праглядваецца, а карасёў – хоць рукамі лаві. Па валежыне ў другі бок я перайшоў – паказалася дарога. Яна на поле прывяла. А там неўзаметку і ў вёску прыбег.
Добра ўсё скончылася і на гэты раз. Але прызнаюся па шчырасці: спалохаўся я тады не на жарт.
(301 слова)
Паводле І. Шуцько
Похожие статьи:
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Сон у лесе
Максім Гарэцкі → Максім Гарэцкі - У панскім лесе
Казкі Жыцця → Якуб Колас - Стары лес
Пераказы → У лесе
Рыгор Ігнаценка → Рыгор Ігнаценка - Вартавы цішыні