Гэту сціплую кветку можна ўбачыць, дзе хочаш, таму што рамонкі такія будзённыя. Празаікі і паэты ў сваіх творах звычайна аддаюць ім менш увагі ў параўнанні з ружай або летуценнай валошкай – гэтым сапраўдным сімвалам паэзіі.
Аднойчы ўлетку я вяртаўся дамоў палямі. Усё вакол стракацела ад кветак. Рамонкаў, аднак, было няшмат, затое якія яны былі! Якая снежна-цнатлівая белізна пялёсткаў! Якая жаўцізна аксамітнай пупышкі ўсярэдзіне! Балюча было пазіраць на іх. Нібы гэта не кветкі былі, а люстэркі, якія адбіваюць сонца.
Я хацеў сарваць адну і не змог. Тут кветка была на сваім месцы, у сваёй стыхіі, сярод сваіх уладанняў, усё наваколле было яе радзімай. А што больш страшнае за тое, калі цябе адарвуць ад радзімы?..
Сапраўднае вялікае сонца ўсё свяціла, неба над галавой усё сінела, а рамонкі ўсё бялелі. І спружыніла зямля пад нагамі, зямля, на якой было так здорава і так хацелася жыць...
(141 слова)
Паводле А. Федарэнкі
Похожие статьи:
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Бляха
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Пеля
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Падслуханая казка
Андрэй Федарэнка → Андрэй Федарэнка - Шчарбаты талер