Стаяла зіма сорак трэцяга года. Людзі снавалі па вуліцах з адзіным клопатам – дзе ўзяць кавалак хлеба, жменю круп або некалькі бульбін, каб паесці, накарміць дзяцей.
Сэрцам горада быў базар. Белы шпіц бегаў тут з самай раніцы. На шыі ў яго быў ашыйнік. Значыць, сабака меў гаспадара. Але дзе ён цяпер? Гэта і трывожыла сабаку. Ён бегаў між людзей, садзіўся, задзіраў галаву, павіскваў, але ніхто не звяртаў на яго ўвагі. Нарэшце шпіц стаміўся, выбег з натоўпу, сеў на купку сена каля стала, паклаў перад сабой лапы.
У гэты час да стала падкацілася тачка, і кабета зняла з тачкі вялікую каструлю. Яна ўзяла відэлец і закрычала гучным голасам:
– Дранікі, дранікі, гарачыя дранікі!
Бразнула каструля. Сабака падняўся, навастрыў вушы. Ён бачыў, як відэлец напароў некалькі аладак, як пацягнулася да аладак рука, як заварушыліся сківіцы чалавека. У сабакі з языка закапала сліна. Ён падышоў да чалавека, завіляў хвастом, просячы пачастунку. Але чалавек адводзіў ад яго позірк, еў, спяшаўся, і скора рукі яго апусцелі. Сабака адышоў убок.
І раптам сабака завурчаў, натапырыўся, яго лагодныя вочы загарэліся злосцю, ашчэрылася зяпа. Паўз яго прасунуўся немец. Шпіц ускочыў і моцна забрахаў. Немец скасіў на яго вока, шморгнуў носам, а шпіц нібыта азвярэў, пачаў кідацца на немца. Немец выйшаў за вароты базару, а сабака яшчэ доўга брахаў яму ўслед. А калі крыху супакоіўся, пачуў за сабой незнаёмы голас:
– Цюцька, цюцька, на.
І пляснуўся на снег перад ім кавалак аладкі.
І той жа голас сказаў:
– Які разумны сабака.
(240 слоў)
Паводле Л. Арабей
Похожие статьи:
Пераказы → Белы шпіц
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Атаман-барабан
Пераказы → Белы шпіц
Пераказы → Шукаю гаспадара
Пераказы → Фомка