Давайце заглянем у Навагрудак, горад на высокіх узгорках, што быў у далёкія часы сталіцай старажытнай беларускай дзяржавы − Вялікага Княства Літоўскага. Там, на адным з зялёных узвышшаў, мы ўбачым рамантычныя руіны колішняга магутнага замка. Цёмны сілуэт разбуранай замкавай сцяны вырысоўваецца на фоне блакітнага неба, а ўнізе рассцілаюцца паэтычныя краявіды Навагрудчыны.
А прыгажосць сапраўды незвычайная! Нездарма гэта былі любімыя мясціны вядомага нашага земляка Адама Міцкевіча. У ваколіцах Навагрудка ён нарадзіўся, у самім Навагрудку рос і вучыўся. І сёння тут многае звязана з памяццю аб паэце. У доме, дзе вырас паэт, дзе калісьці жыла сям'я яго бацькі, знаходзіцца літаратурны музей. Там захоўваюцца многія асабістыя рэчы паэта, яго рукапісы, першыя выданні і кнігі, выдадзеныя на шматлікіх мовах народаў свету.
Побач з pyінамі замка знаходзіцца Курган бессмяротнасці, насыпаны землякамі і наведвальнікамі гэтых мясцін. Кожны, хто прыходзіў ці прыязджаў сюды, клаў жменьку зямлі ў курган. Так і ўзняўся высокі насып, вакол якога растуць векавыя ліпы, клёны, явары. Цэментовая тумба ля падножжа гаворыць, што насыпаны гэты курган удзячнымі прыхільнікамі таленту паэта. Вакол кургана віецца сцяжынка. Узыдзем і мы на яе, каб пераканацца, што нездарма любіў сваю малую радзіму наш вялікі зямляк.
(192 словы)
Паводле В. Вольскага
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сведкі даўніны
Пераказы, дыктанты → Навагрудак
Пераказы, дыктанты → Навагрудак (Паводле У. Малішэўскага)
Пераказы, дыктанты → Высокая сталіца
Пераказы, дыктанты → Высокая сталіца