Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рабіць дабро

Варыянт 1 (274 словы)

   За сваю творчую кар’еру народная артыстка Беларусі і Савецкага Саюза Галіна Кліменцьеўна Макарава сыграла сотні роляў. Большасцю яе гераінь з’яўляюцца простыя жанчыны. Кожная з іх ва ўвасабленні Галіны Кліменцьеўны мае непаўторны вобраз і сваю адметнасць.
   Аднак і ў жыцці народная артыстка была даволі неардынарнай асобай. У яе было абвостранае пачуццё абавязку перад простымі людзьмі. Яна была з таго ж асяроддзя і адчувала віну за тое, што ёй жылося лепш. У доме народнай артысткі быў сапраўдны прытулак.
   У адным пакоі жылі цыркачы-гастралёры. Аднаго з іх І паралізавала, і Галіна Кліменцьеўна даглядала яго, як уласнага сына. Цыркач жыў у народнай артысткі, пакуль за ім не прыехалі сваякі.
   Было ў Галіны Макаравай і некалькі захапленняў. Яна любіла кнігі, асабліва гістарычныя раманы, сабрала добрую бібліятэку. Любіла вышываць. Практыкавалася ў вышыванні намаляваных мужам карцін. Тыя вышыванкі нічым не саступаюць арыгіналам.
   А больш за ўсё Галіна Кліменцьеўна любіла працаваць на зямлі. Яна нават неяк пажартавала, што калі б не стала артысткай, то дакладна стала б старшынёй калгаса.
   Мала хто ведае, што ў свой час Галіна Макарава падтрымлівала шэфства над кветнікамі на плошчы Перамогі ў Мінску. Яна жыла ў доме побач і разам са сваім суседам, таксама аматарам-кветкаводам, даглядала высаджаныя на клумбах кветкі. Здаралася, што і дзяжурылі па начах, каб кветкі не зразалі. Адзін год народную артыстку і яе суседа нават прызналі пераможцамі гарадскога конкурсу па азеляненні і ўзнагародзілі грашовай прэміяй.
   Асаблівым гонарам народнай артысткі былі эдэльвейсы – кветкі, якія растуць у горнай мясцовасці. Галіна Кліменцьеўна сваім працалюбствам і любоўю змагла іх прыстасаваць да беларускіх рэалій і вельмі ганарылася гэтым.
   Рукамі Галіны Макаравай на плошчы Перамогі таксама было пасаджана шмат дрэў і кустоў. Усё сваё жыццё яна спяшалася рабіць дабро.
 


 

Варыянт 2 (163 словы)

   Народная артыстка Беларусі і Савецкага Саюза Галіна Кліменцьеўна Макарава была даволі неардынарнай асобай. У яе было абвостранае пачуццё абавязку перад простымі людзьмі. Яна адчувала віну за тое, што ёй жылося лепш. У доме народнай артысткі быў сапраўдны прытулак. У адным пакоі жылі цыркачы-гастралёры. Аднаго з іх паралізавала, і Галіна Кліменцьеўна даглядала яго, як уласнага сына.
   Было ў Галіны Макаравай і некалькі захапленняў. Яна любіла кнігі, асабліва гістарычныя раманы, сабрала добрую бібліятэку. Любіла вышываць намаляваныя мужам карціны. Тыя вышыванкі нічым не саступаюць арыгіналам.
   А больш за ўсё Галіна Кліменцьеўна любіла працаваць на зямлі. Галіна Макарава падтрымлівала шэфства над кветнікамі на плошчы Перамогі ў Мінску. Яна жыла ў доме побач і разам са сваім суседам даглядала высаджаныя на клумбах кветкі. Здаралася, што і дзяжурылі па начах, каб кветкі не зразалі. Аднойчы народную артыстку і яе суседа нават прызналі пераможцамі гарадскога конкурсу па азеляненні.
   Рукамі Галіны Макаравай на плошчы Перамогі было пасаджана шмат дрэў і кустоў. Усё сваё жыццё яна спяшалася рабіць дабро.

Паводле С. Жолуда

 

Похожие статьи:

Пятрусь БроўкаПятрусь Броўка - Дабро