Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Піліпаў сад

   Немцы ўехалі ў вёску нечакана. З-за павароткі толькі мільганулі матацыклы – і салдаты ўжо на вуліцы, ходзяць па двары, нешта гавораць. Піліп з акна хаты заўважыў аднаго ганарыстага вайскоўца ў форме лейтэнанта і, вылучыўшы сярод астатніх, адразу ўзненавідзеў. А калі ўбачыў, што той накіроўваецца да іх хаты, раптам адчуў, як упала сэрца.
   Немец зайшоў у хату, нагой піхнуўшы дзверы. Піліп убачыў збялелы твар жонкі, да болю сціснутыя вусны. Лейтэнант спыніўся перад іконамі, уважліва агледзеў, пасля рэзка павярнуўся і закамандаваў, паказваючы праз акно на зялёныя купы дрэў:
   – У нашай кухні няма дроў. Вы будзеце сячы дрэвы!
   Раптам Піліп адчуў, як нешта цвёрдае ўперлася ў спіну. Ён азірнуўся і ўбачыў здаравеннага немца з аўтаматам у валасатых руках. Немец яшчэ раз піхнуў Піліпа дулам вінтоўкі ў спіну.
   Яны выйшлі з хаты. Уперадзе ішла Паўліна, якую пад аўтаматам вёў рыжы худы немец. За імі – Піліп са сваім канваірам. Ззаду – афіцэр, што раз-пораз пакрыкваў, каб ішлі хутчэй. У Піліпа калацілася сэрца, білася ў грудзях, грукала кроў у скронях.
   Спыніліся нечакана. Піліп падняў галаву: перад ім зелянеў, свяціўся на сонцы яго малады сад. Гэтыя яблыні ён прывозіў з блізкіх і далёкіх вёсак. Кожная яблыня – адметны гатунак, свая гісторыя. Маладыя дрэўцы ў сухую вясну сам паліваў, цягаючы ў такую далеч штодзень ваду вёдрамі. Ратаваў ад маразоў, абразаў сухастой, падпіраў кожную галінку, каб не зламалася пад цяжарам наліўных, сакавітых яблыкаў увосень.
   А немцы ўжо неслі сякеры, пілу. Паклалі перад Піліпам і Паўлінай, самі адышлі, селі на ўзмежку, але погляду не зводзяць, чакаюць. Піліп раззлаваўся: хіба ён будзе сам свой сад секчы? Няхай забіваюць, а сад не будзе нішчыць!
   Раз’юшаны іх марудлівасцю, падляцеў афіцэр, закрычаў нешта па-свойму, тыкаючы ботам у сякеры. I нечакана Піліп рушыў прама на крыкуна. Сам не ведаў, адкуль смеласць узялася. Страшны, відаць, быў Піліпаў твар, нянавісцю гарэлі вочы. Немец нечакана змоўк, застыў з перакошанымі ад страху вуснамі. I ўсе знямелі, стала ціха-ціха. А Піліп схапіў сякеру, шырока размахнуўся і зашпурнуў аж за плот. Гулка, як пасля выбуху, пракацілася рэха, і тады падхапіліся немцы, пабеглі да Піліпа. А ён упарта глядзеў кудысьці за лес, і толькі тоненькі струменьчык поту збягаў з ілба.
   У тую хвіліну рэзка засакатаў аўтамат рыжага немца, і на галаву пасыпалася збітае лісце. Раззлаваны афіцэр, павярнуўшыся да салдат, нешта скамандаваў, і Піліпаў канваір схапіў аўтамат.
   Раптам з боку вёскі тры разы прасігналіла машына. Лейтэнант занепакоіўся, махнуў рукой і, забыўшыся пра Піліпа, хутка пабег па вуліцы, а салдаты за ім. Праз хвіліну іх ужо не было відаць за хатамі і зелянінай дрэў.
   Піліп апусціўся на зямлю, выціраючы халоднай рукой пот з ілба. Калі з боку вёскі пачуўся гул матораў, Піліп з жонкай, нібы падхопленыя нейкай невядомай сілай, пабеглі да дрэў, у свой сад. Аксамітна-зялёны, у залатым струмені вечаровага святла, ён калыхаўся пад ветрам, як вялікая рака. I радасна стала на сэрцы, змучаным турботамі гэтага дня.
(462 словы)

Паводле М. Прохар.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗнаходка

Пераказы, дыктантыШумяць каштаны