Некалі тут быў лес. Але яго высеклі, пакінуўшы толькі хмызняк ды валежнік. На гэтай паляне аблюбавалі мы месца для пабудовы жытла.
…Праз два гады расчысцілі зямлю ад пнёў і пачалі жыць ды радавацца. Усё расце добра, паветра чыстае. Але адна бяда: на ўсіх гародах у нашых навасёлаў вялікая колькасць розных агародных шкоднікаў. У некаторых столькі вусеняў, што людзі сем’ямі выходзяць збіраць іх. Збіраюць рукамі, пасыпаюць усякай атрутай.
Пытаюцца суседзі:
– А як у вас?
Мы адказваем, што ў нас няма ніякіх чарвякоў. Суседзі гавораць:
– Вы, мабыць, нешта робіце. Навучыце нас.
Мы гаворым, што рабіць нічога не робім. Нічым не пасыпаем, апрача толькі як попелам чыстым… Не вераць нам ды ўсё. А быў на нашай сядзібе адзін кавалачак яшчэ недакарчаваны.
Раслі там дзве-тры ялінкі ды пара кусточкаў бружмелю. Адным словам – тое-сёе. І стаяў тут невялікі мурашнік. Жывуць мурашкі, бегаюць скрозь па нашым агародзе. Аднаго разу нават жонка занепакоілася, паклікала мяне:
– Ідзі глянь, нешта дужа па гурках разбегаліся мурашкі.
Падышоў я, пастаяў з паўгадзіны – бегаюць, нешта шукаюць. Але гуркоў тых зусім не кранаюць. А побач – капуста наша. Пры мне сеў матылёк- капуснік і паклаў, мабыць, паўсотні ці сотню яечак. Такія, як макавыя зярняткі, толькі жоўтага колеру. Глядзім мы з жонкаю на гэту лісціну ды разважаем:
– Дзе ж ты пераможаш тых чарвей! Праз некалькі дзён з яечак з’явіцца сотня вусеняў.
Пакуль мы так з ёй разважалі, бачым – на лісціну ўзбягаюць чарадой мурашкі. Ну нібыта ім нехта тэлеграму адбіў: «Гайда сюды, яечкі падрыхтаваны!» Праходзяць мурашкі адна за адной і яечкі забіраюць, забіраюць. Не прайшло і пяці мінут – ніводнага не засталося.
– Век жыві, век вучыся, – кажа жонка. – Ну адкуль жа ў нас могуць быць на агародзе чэрві, калі самыя яечкі мурашкі адразу забіраюць?
Мы яшчэ падумалі тады, што для мурашкі матыльковае яечка куды большае, чым, скажам, для нас курынае.
Так мы і жылі без клопату колькі гадоў, маючы такіх выдатных памочнікаў і вартаўнікоў на сваім агародзе. Сказалі мы суседзям пра свае нагляданні. Параілі і ім завесці мурашнікі на агародзе.
Паводле У. Дубоўкі
Похожие статьи:
Пераказы → Жывы мячык
Пераказы → Мурашы
Аляксей Пысін → Аляксей Пысін - Небывалы ўзняўся дом