Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пялёстак на ветры

   Мы стаялі ў маладым садку, што ажно кіпеў ружовым яблыневым цветам. Яблыні і папраўдзе былі, як нявесты, – не налюбавацца, не адарваць вачэй. I амаль над кожным дрэвам, на высокай драўлянай тычцы – шпакоўня, пафарбаваная ў блакітны вясёлы колер. На адным доміку, уладкаваўшыся на самым краі стрэшкі-брыля, трымцеў крылцамі, быццам і сапраўды рабіў фіззарадку, залаціста-зялёны, прыгожы гаспадар. Ён то звонка цвірчэў, то раптам пачынаў шпарка, аж захлынаючыся, шчабятаць, а потым нечакана пераходзіў на тонкі працяглы посвіст, такі любы і дарагі нам пасля доўгай халоднай зімы.
   Дзядзька Іван – намнога старэйшы за мяне, паважаны ўсімі, хто яго ведаў, чалавек, чыімі нястомнымі рукамі быў пасаджаны, дагледжаны той незабыўны садок, – не зводзіў вачэй са шпака, слухаў ягоную натхнёную песню.
   – Вось гэта спявак!.. – нарэшце не вытрываў, прамовіў у захапленні я. – Нездарма вы яму гэткі прыгожы домік зрабілі.
   Моўчкі і, мне падалося, нейк сумна ўсміхнуўшыся, дзядзька паставіў каля плота рыдлёўку, падышоў да зусім маладзенькай, але таксама шчодра абсыпанай цветам яблынькі. Доўга стаяў каля яе, і на ягоныя плечы, на чорную абуджаную зямлю зляталі і зляталі, нібы сняжынкі, дробныя пялёсткі.
   Я бачыў, як раптам спахмурнеў дзядзька, як лёг на ягоны твар цень ад нейкага балючага ўспаміну. Таму я таксама маўчаў, не адважваўся загаварыць першы. А так хацелася вярнуцца да тае жывое бесклапотнае гутаркі, што яшчэ зусім нядаўна нязмушана цякла між намі...
   Нарэшце ягоны позірк спатыкнуўся аб мяне, і ён змучана, вінавата ўсміхнуўся.
   – I чаму так, скажы!.. Няўжо, каб на гэтай малой зямлі навучыцца па-людску жыць, трэба спачатку насмеціць, наслядзіць уволю бяздумна і тады ўжо збалецца сэрцам?
   Праз хвілю падышоў да мяне і, гледзячы паўз маё плячо, загаварыў далей:
   – ... Такі быў дзянёк, акурат як сёння. Цёплы, сонечны, пагодны. Ды мы засядзеліся ў хаце: лес на хлеў прывезлі суседу. Бралі чарку, курылі. Пасля гадзіну ці дзве бавіліся ў карты. Калі нарэшце абрыд і гэты занятак, пацягнуліся на вуліцу. Крутнуліся сюды-туды на панадворку і перад хатаю, усё яшчэ не ведаючы, куды падацца, ажно бачым – стаіць на парозе гаспадар, у якога дагэтуль сядзелі, і стрэльбу ў руках трымае. «Ну, што, хлопцы, – пытаецца, – пальнём па разу, успомнім салдацкую навуку?!» Як не пальнуць? Маладыя ж усе – рукі ажно свярбяць. Адышліся мы далей ад хаты, як цяпер во з табою, у канцы саду. Не ведаю, як гэта здарылася, але мне першаму трапіла ў рукі тая стрэльба. Трымаў я яе, трымаў, не ведаючы, у што пацэліць, ажно бачу – ляціць да свае яблыні шпак і нешта ў дзюбцы трымае. Далекавата ляціць. Ды мне што: абы пацэліць! Злажыўся ў момант і націснуў на курок...
   Ён доўга маўчаў, глядзеў, не міргаючы, удалечыню. Маўчаў і я.
   – А праз колькі дзён бяда здарылася. З першынцом, з хлопчыкам. Два годзікі было. Выскачыў за парог хаты, а тут да яго кульнуўся забаўляцца сабака – малады яшчэ быў. Як даў лапамі ў грудзі, ажно хлапчанё тое перакінулася...
   Убачыў гэта – пацямнела ўваччу, адразу ўспомнілася, як зрэзаў шпака на ляту, як мільгануў да зямлі ён.
   Праз тыдзень прывёз дамоў птушанятка сваё маленькае. Не ўратавалі, згарэла. Надта моцна галавою аб парог выцяўся.
   Наляцеў, закруціў вецер. Не па-вясноваму халодны і пранізлівы. Падхапіў з ягонага пляча апошні пялёстак і згубіў матыльком у неабсяжнай прасторы неба.
(506 слоў)