Мы ўсе прывыклі, што прырода, – чыстая, цнатлівая, шчодрая. І ўжо толькі адзін напамін пра яе заўсёды выклікае ў нас нейкае вельмі ж ужо цёплае, замілаванае, як ласка, пачуццё. Халоднай снежнаю зімою, калі ад завірух не відно, дзе канчаецца зямля і пачынаецца неба, цёпла думалася пра зялёнае лета; мокрай, прастуджанай восенню, выхаджанай і вытаптанай наскрозь дажджлівымі вятрамі, хораша марылася пра сонечную вясну… І неяк не хацелася верыць, што можа быць яшчэ і іншая думка пра святыню твайго пакалення – раззлаваная, суровая, злосная.
Маўляў, прырода – бязлітасны вораг чалавека. Яна часта, вельмі часта прымушае "цара прыроды" плакаць ад сваёй бездапаможнасці падчас пажараў, ураганаў, мяцеліц, буранаў, тайфунаў, землетрасенняў, вывяржэнняў, падчас нашэсця шкоднікаў, падчас чумы і голаду.
Маўляў, прырода нарадзіла чалавека недасканалым стварэннем. Ён прыйшоў у свет голы і безабаронны, у яго не было нават тых інстынктаў, што ў звяроў, не было іхніх сродкаў абароны і нападзення – рагоў, капытоў, ваўчыных зубоў. Таму і не дзіўна, што чалавек тысячагоддзямі пакланяўся жывёлам, якія былі надзелены ўсім гэтым і таму здаваліся больш любімымі дзецьмі прыроды.
Маўляў, наваколле прывячае варожыя нам сілы: зямля перапоўнена злосцю, неба цёмнае ад лютасці, і таму чалавек прыйшоў да будаўніцтва вялікага горада – адзінага пэўнага месца, якое ўратуе яго ад бесчалавечнасці, ад бессардэчнасці прыроды…
Гэтыя разважанні аб прыродзе належаць амерыканскаму сацыёлагу Эрыку Хоферу. Каго не ўразяць гэтыя словы, хто прачытае такую характарыстыку прыродзе! Але, між іншым, кожны, мусіць, адчуе, што тут ёсць добрая доля праўды, якую нам чамусьці ўжо дужа не хочацца ведаць.
(237 слоў)
Паводле Я. Сіпакова
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Крыштальны звон бяроз
Пераказы, дыктанты → Зімовы начлег
Пераказы, дыктанты → Беражыце прыроду
Пераказы, дыктанты → Чалавек і прырода
Якуб Колас → Карціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы