Кожную раніцу на досвітку, калі пачалі расці баравікі, Андрэй, захапіўшы кош, бег у хвайнякі па грыбы. Для яго не было болей прыемнага занятку, як хадзіць па баравінах і шукаць баравікі. Нідзе іх не было так многа, як у мікуціцкіх баравінах. Ды што за баравікі! А якое чыстае і звонкае паветра ў летнюю раніцу! Гукнеш, дык здаецца, што хвойкі пераклікаюцца адна з другою і кожная падае свой голас. А якая радасць для сапраўднага грыбніка, калі насунешся на мнагалікую сям’ю рознага ўзросту чорных, з адценнем срэбнага налёту на маладых пругкіх шапках, ладных, ні з чым не параўнаных баравікоў!
Уперадзе каля самой дарогі стаяў лясок, пераважна бярозавы. Зрэдку пракідаліся і хвойкі, трапляліся елкі і нават кусты ядлоўцу. Лабановіч звярнуў з дарогі і пайшоў аглядаць лес. "Мясціна для баравікоў падхадзяшчая", – падумаў ён і з захапленнем заўзятага грыбніка стаў аглядаць найбольш зручныя для баравікоў лясныя сховы. Не прайшоў ён і паўсотні крокаў, як раптам спыніўся, бы ўкопаны. Яму рэдка калі траплялася бачыць такое мноства баравікоў на невялічкай лапінцы. Грыбы сядзелі дзе па адным, дзе парамі, а дзе і цэлымі гуртамі. А самае цікавае, што гэта былі не бярозавікі, жоўценькія, а чорнагаловыя, самыя лепшыя баравікі, якія растуць толькі ў сасонніках.
(196 слоў)
Похожие статьи:
Пераказы → Веснавыя грыбы
Пераказы → Грыбныя дажджы
Пераказы → Настасін гай
Пераказы → Баравічкі
Пераказы → Грыбы ў павер’ях