Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прыблудны грак

   Неўзабаве пасля вайны, нейк пад восень, на гарадской Коласавай сядзібе з’явіўся грак. Ці то, акалечаны з рагаткі, рынуўся ад крыўдзіцеляў у адчыненую брамку, ці то, прыхварэўшы, шуснуў за агароджу, прываблены засенню дубоў і яблынь, мноствам кустоў арэшніку і ягадніку – ёсць дзе схавацца і добра адседзецца ў зацішку. Падрабязнасцей граковага з’яўлення не ўсачылі, а ўбачылі яго выпадкам, калі перабягаў з аднае свае схованкі ў другую.
   Хаваўся ён больш у гусцейшым зарасніку, а калі крыху акрыяў, асмеліўся выходзіць на чыстую мураву і нават да дзвярэй дрывянога хлеўчука, дзе на лаўцы адпачываў Канстанцін Міхайлавіч. І грак, не баючыся, павольнага ў кроку Коласа, патупваў блізка каля яго, браў ежу амаль што з рук. Усіх іншых жыхароў дома асцерагаўся, уцякаў, нават спрабаваў падлятаць, але махаць то махаў крыламі, а ў паветры адзержацца не мог.
   Так і дабыўся калека-грачок да першага снегу, хоць і паправіўся ўжо, жывучы на дармовых харчах.
   – Змерзне, небарака! – Колас вярнуўся з праходкі па зацярушаным шэранню садзе, дзе ўжо аказваўся першы маразок. Пацёр рукі, сядаючы за абед, і пачаў уголас думаць, якой даць рады, каб птушка перазімавала ў цяпле. Забыўся нават, што злаваў на граковая племя ў час іхніх крыклівых адвячоркаў, калі птушкі ўмошчваліся нанач на прыхатнія сосны. Тады ён наракаў і лаяў іх чорнымі дармаедамі: ломяць, бачыце, галлё, а дрэвы праз гэта ўсыхаюць.
   Пачалі рабіць захады прыстроіць грака на жытло ў цёплай прыбудоўцы. Але, пакуль тое што, здарылася адліга, снег растаў, а галоўнае, не было для каго старацца даху: грак знік.
   – Наўрад, каб ён перазімаваў, – патужыў Колас. – Лётаць не можа, дый раздурэў на ўсім гатовым. Калі не падаб’юць і не хто з дужэйшай дзюбаю, здохне з голаду, бядак.
   Напрадвесні, выходзячы на работу ў акадэмію, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў, як ад брамкі адбеглася вялікая худзенькая птушка. Нешта знаёмае здалося ў ёй: грак і, магчыма, той самы!
   Колас пакінуў брамку адчыненай, а сам адышоўся, нібыта нічога не прыкмеціў. Зрабіў некалькі крокаў, пастаяў за рогам плота і вярнуўся. Зазірнуў у двор: грак ужо быў там: шукаў спажывы каля скрынкі з адыходамі.
   Гракова гасцяванне цягнулася з месяц, пакуль не стала добра цёпла. З мясцін зімовага бытавання паварочваліся ягоныя родзічы, зноў пачалі абсядаць сухавернія сосны, выклікаючы Коласава незадавальненне. Да гэтай крыклівай кампаніі прыхатні грак не далучаўся, хоць ахвотна дапускаў да пасыпанай яму ежы. Спроб лётаць ён не рабіў, толькі задзіраў галаву, калі на верхавінах начлежнікі пачыналі перагаварвацца перад сном на сваёй, адным ім зразумелай мове.
   І ўсё ж аднойчы, калі Колас выйшаў раніцаю пасыпаць зерня, птушка на голас не прыйшла. Глянуў на дрывотню – пуста.
   Канстанцін Міхайлавіч выказаў надзею: можа, заляціць на абед. Дарма: грак не з’явіўся ні на вячэру, ні назаўтра. Колас пытаўся ў хатніх, у шафёра Сяргея, – і гэты нічога не дагледзеў.
   Колас з усмешкаю разважыў так: падужэўшы на трывалым хлебе, грак не вытрываў штовячэрняй птушынай балбатні над галавою і наняў недзе цішэйшы куток. Ці, можа, залётныя начлежнікі ўстыдзілі яго: што ж ты, браток? Маеш крылы, а бадзяешся па зямлі з куранятамі! Вось ён і паляцеў разам з усімі а там знайшлася пад густ сяброўка, трэба было будавацца, пайшлі дзеткі: паспрабуй накармі ды навучы лётаць… Глядзіш, новы клопат: ці рыхтуйся да зімы, ці збірайся ў вырай.
 
Паводле М. Лужаніна

 

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства