Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Прозвішчы – аснова радаводу

   Бадай, многія чыталі кнігу Уладзіміра Ліпскага «Я: Праўдзівы аповед пра мой і твой радавод». Гэтаксама добра знаёмы і яшчэ з дзвюма: «Мама: Малітва сына» і «Бацька». У іх, асабліва ў першай, вядомы пісьменнік выступае сапраўдным даследчыкам. Ён прасочвае, як на працягу многіх стагоддзяў фарміраваліся дынастыі звычайных людзей. Нямала папрацаваўшы ў архівах, аўтар адшукаў фамільны герб Ліпскіх, што называецца «Граблі».
   Ёсць раздзел «Сямейныя гербы» і ў новай кнізе У. Ліпскага «Мы: Аповесць пра нашы прозвішчы», якая з’яўляецца нібы працягам папярэдняй. У кнізе аўтар тлумачыць, што прозвішчы не што іншае, як аснова нашага радаводу. У. Ліпскі ўзяўся расшыфроўваць родавыя найменні на прыкладзе прозвішчаў Рэчыцкага раёна, у якім, у вёсцы Шоўкавічы, і нарадзіўся.
   Такім чынам, пісьменнік самастойна падступіўся да вырашэння некаторых пытанняў, якімі займаецца антрапаніміка. Аўтар кнігі тлумачыць, што гэта «навука пра наш старажытны і сучасны іменаслоў, пра нашы старажытныя і сучасныя імёны, пра іх сэнс, грамадскае і культурнае прызначэнне». Антрапаніміку У. Ліпскі набліжае да шырокага чытача, усведамляючы, што «прозвішчы – гэта люстэрка і нашай сівой гісторыі, і геаграфіі краю, і фальклору. Гэта гістарычны, культурны ген пэўнага чалавечага роду».
   Кампазіцыя кнігі вырашана арыгінальна. Прозвішчы згрупаваны паводле паходжання («Чые вы, адкуль?», «Партрэт», «Характар», «На ўсе рукі майстры», «Ад сяброў чацвераногіх», «Лясныя мелодыі», «Людзі-птушкі», «Хата»). А перад гэтымі раздзеламі ідуць яшчэ два – «Святыя ад А да Я» і «Маміна чыстае імя». У іх разглядаюцца прозвішчы, утвораныя ад мужчынскіх і жаночых імёнаў тых, каго праваслаўная царква ўшаноўвае як святых.
   Застаецца толькі дадаць, што твор У. Ліпскага хораша ўпісваецца ў шэраг кніг гістарычна-краязнаўчай тэматыкі. Пазначылася тэндэнцыя, якая не можа не радаваць. Узнікла яна з разумення, што на зямлі ёсць МЫ – беларусы, народ, нацыя. Каб такое ўсведамленне яшчэ больш замацавалася і набыло сваю духоўную рэальнасць, неабходна часцей звяртацца да ўласных першавытокаў. Настаўніку ж трэба падштурхоўваць да гэтага вучняў. Маладым трэба зразумець, што толькі любячы сваю сінявокую Беларусь, можна быць сапраўдным грамадзянінам.
(302 словы)

Паводле А. Марціновіча

 

Похожие статьи:

ПераказыКупалава дрэва