Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пра возера Нарач

   Некалі не было на зямлі Нарачы. Не было беластволых прыбярэжных бяроз, надрыўнага крыку чаек і выбеленых стагоддзямі аблачын. Была толькі гіблая зямля, цёмная, як і яе абрабаваная доля. I жыла на гэтай зямлі непрыгожая, рабая дзяўчына Алёнка. Але душой была дзяўчына святлейшая за самы белы дзень: столькі душэўнага хараства таілася ў ёй. Радаваліся дзявочай дабраце простыя людзі, не раз сушыла я на слёзы іх горкай нядолі.
   Здарылася так, што пакахаў непрыгожую Алёнку ўсім сэрцам хлопец-прыгажун. Толькі сярод людзей былі і нядобрыя, злыя людзі. Яны балюча дакаралі хлопца, смяяліся і павучалі яго. «Хіба вачэй не маеш? Хіба не бачыш, якая чорная і брыдкая твая абранніца?» – гаварылі яму яны.
   Захлынулася пакутнай журбою раненае сэрца хлопца. Да світальных зор насіў ён па чорнай зямлі горкі боль, і ён ліўся з сэрца самотнай, тужлівай песняй. I столькі шчырага пачуцця было ў простых словах гэтай песні, столькі жадання надзяліць прыгажосцю цэлы свет.
   Не магла песня не крануць сэрца добрага чараўніка. Расчулены ёю да слёз, вырашыў ён дапамагчы хлапечай бядзе: падарыў яму чароўнае люстэрка. Паглядзелася ў люстэрка Алёнка – прыгажуняй незвычайнаю стала. Пасвятлела на чорнай зямлі ад яе дзівоснай красы. У сведкі да іх шчасця паклікаў хлопец усіх добрых людзей.
   Аднак нядоўгім было тое шчасце. Дачуўся пра гэты цуд магнат з палаца. Зайздрасцю засвяціліся яго хцівыя вочы. Вырашыў стары князь паланіць прыгажуню і прымусіць стаць яго жонкай. Прыслужнікі пана забілі хлопца, а Алёнку прывезлі ў палац і загадалі рыхтавацца да вяселля.
   Горка праклінала Алёнка чароўнае люстэрка і сваю прыгажосць. У гулкім вясельным гомане пырснула яно, разбітае, дробнымі асколкамі-промнямі. I там, дзе ўпалі асколкі, імгненна з’явілася крыніца, забілася бурна, як дзявочая нянавісць. Хвалямі, празрыстымі і светлымі, як само каханне, накрывала крыніца княжы палац. А калі пенныя хвалі ўлагодзіліся, вачам людзей адкрыўся дзівосны цуд: ляжала перад імі вялізнае возера з блакіту і зор. I той, хто глядзеўся ў яго, прыгажэў душою і сэрцам...
   А возера тое назвалі людзі Нараччу, таму што пахавала яно нарачоную хлопца.
(319 слоў)

Паводле А. Гурскага.

Похожие статьи:

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Беларускае мора

Пераказы, дыктантыНоччу на Нарачы

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Запрашэнне на возера Нарач

Пераказы, дыктантыНа беразе Нарачы

Пераказы, дыктантыНарачанская легенда